Skip to main content

Гродзенская дыяцэзія рыхтуе альбом пра гісторыю прыдарожных крыжоў

prydaroznyja1З незапамятных часоў на нашых землях існуе прыгожы звычай ставіць прыдарожныя крыжы. Ушанаванне гэтых крыжоў, рассеяных па тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, мае вялікую гістарычную каштоўнасць, крыжы адзначаюцца значнымі мастацкімі вартасцямі.

Акрамя таго, прысутнасць прыдарожных крыжоў у нашым краі — яскравае сведчанне веры папярэдніх пакаленняў, іх прывязанасці да традыцыі і хрысціянскіх каштоўнасцяў. 

Нярэдка ў калектыўнай памяці мясцовых жыхароў клапатліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне цікавыя і ўзрушальныя гісторыі, звязаныя з асобнымі крыжамі.

Кіруючыся жаданнем уратаваць ад забыцця і распаўсюдзіць у грамадстве веды пра такую важную частку нашай рэлігійнай і культурнай спадчыны, дыяцэзіяльная курыя ў Гродне пачала працу над падрыхтоўкай альбома, прысвечанага гэтай тэме. Зараз ідзе збор матэрыялаў, неабходных для рэалізацыі гэтага праекту.

rockiszki

В. Роцкішкі, Іўеўскі р-н

У сувязі з гэтым курыя ў Гродне звяртаецца да ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з вялікай просьбай аб зборы і перадачы ўсялякай інфармацыі, якая датычыць крыжоў, што знаходзяцца на тэрыторыі іх парафій.

Гэта могуць быць, напрыклад, архіўныя дакументы, успаміны і сведчанні парафіян, сучасныя ці гістарычныя здымкі, любая іншая інфармацыя і матэрыялы, якія маглі б спатрэбіцца ў падрыхтоўцы альбома.

kryz tekst

Усе архіўныя дакументы, успаміны і сведчанні, а таксама здымкі, трэба дасылаць або асабіста дастаўляць у дыяцэзіяльную курыю ў Гродне. Можна перадаць іх сваім душпастырам, якія потым перададуць гэтыя матэрыялы ў курыю.

Таксама можна высылаць іх праз інтэрнэт на адрас: grodnensis@gmail.com, пазначыўшы тэму ліста: “Прыдарожныя крыжы”.

JM