Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у Воўпе: няхай Ружанец плыве, як перапоўненая рака

voupa ruzanec347 кастрычніка ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай. На ўрачыстасць прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ў гэты дзень таксама здзейсніў кананічную візітацыю парафіі.

На святкаванні, да якога вернікі рыхтаваліся праз 40-гадзіннае набажэнства, сабраліся шматлікія парафіяне і госці, сярод якіх былі святары Мастоўскага дэканату і Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.

Пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк, прадстаўляючы справаздачу аб яе духоўным і матэрыяльным стане, падкрэсліў, што гэты касцёл – найстарэйшая і найбольшая драўляная святыня ў Беларусі, ён з’яўляецца помнікам, а асаблівай увагі заслугоўвае галоўны алтар, які быў уфундаваны каралевай Бонай і перанесены з папярэдняга касцёла ў Воўпе.

Па словах святара, захаванне гэтага прыгожага касцёла стала магчымым дзякуючы вернікам старэйшага пакалення, якія памятаюць цяжкія часы, калі ў 1967-1990 гг. парафіяне маліліся без святара, але захавалі веру і ўратавалі святыню ад знішчэння.

voupa ruzanec23

“Дзякую вам, браты і сёстры, за ваша сведчанне веры, за любоў да Пана Бога і Касцёла, за захаванне веры і святыні, а таксама хрысціянскіх каштоўнасцяў”, – сказаў кс. Мыслюк.

Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафію. У гаміліі іерарх указаў на ружанцовую малітву, якая з’яўляецца адной з найпрыгажэйшых, а адначасова самых паспяховых малітваў і малітоўным спосабам разважання над Божым словам.

Біскуп падкрэсліў, што Ружанец вучыць яшчэ больш любіць Бога, яшчэ мацней яднацца духоўна з Езусам і Марыяй, глядзець больш па-Божаму, у святле веры, на ўласнае жыццё і жыццё іншых.

Іерарх заклікаў практыкаваць у кожнай сям’і малітвы, аб якіх прасіла шматразова Маці Божая падчас сваіх аб’яўленняў. “Будзем з даверам браць у рукі ружанец – магутную зброю, якую Марыя сама нам дала як сваім любімым дзецям”, – адзначыў біскуп.

“Няхай як мага часцей з нашых вуснаў і сэрцаў плыве ружанцовая малітва, як перапоўненая пачуццём рака, і няхай нясе з сабой усе нашы радасці і боль, клопаты і непакой, надзеі і жаданні, каб усіх іх акунуць у Богу, у бязмежнай бездані Яго любові і міласэрнасці”, – дадаў ён.

voupa ruzanec17

Урачыстасць завяршылася малітвай перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, падчас якой вернікі дзякавалі Богу за ласкі, атрыманыя дагэтуль, і прасілі аб благаслаўленні на далейшыя дні жыцця.

Парафіяне падзякавалі біскупу за тое, што ўзначаліў сёлетнюю адпустовую ўрачыстасць, і запэўнілі ў малітве за яго і Касцёл, якім ён кіруе.

Парафія ў Воўпе на сённяшні дзень налічвае больш за 650 вернікаў. На яе тэрыторыі ёсць санаторый “Энергетык”, сярэдняя школа і дом апекі над пажылымі людзьмі. Да парафіі належаць 20 вёсак, найбольшыя з якіх Воўпа і Дубаўцы.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Ева Брыцько