4 кастрычніка ў межах кананічнай візітацыі Мастоўскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы.
Іерарха прывіталі вернікі перад гістарычнай святыняй, якая была пабудаванa ў 1740 г. Затым у касцёле ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію, біскуп узначаліў святую Імшу.
Пробашч парафіі кс. Павел Лазоўскі адзначыў, што гэтая пастырская візітацыя для невялікай парафіяльнай супольнасці з’яўляецца знакам прысутнасці Пана, які наведвае свой народ, прыносячы яму супакой.
Біскуп заахвоціў вернікаў асаблівым чынам практыкаваць у гэтым месяцы малітву на ружанцы, бо ў ёй сіла і моц кожнага чалавека. Ён заклікаў далей трываць з Хрыстовым Касцёлам, заўсёды дзякаваць Богу за ўсе дары і ласкі, якія Ён спасылае.
Потым іерарх наведаў філіяльны касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў пасёлку Юбілейны. Там ён таксама сустрэўся са шматлікімі вернікамі, для якіх узначаліў Імшу. Біскуп заклікаў на ўзор св. Францішка Асізскага, літургчіны ўспамін якога прыпадаў у гэты дзень, несці свету супакой і дабро. На заканчэнне сустрэчы іерарх удзяліў пастырскае благаслаўленне.
Сустрэча з вернікамі стала магчымасцю для дыяцэзіяльнага біскупа яшчэ лепш даведацца, чым жывуць людзі і з якімі праблемамі сустракаюцца сёння.
Найбольшай праблемай вясковых парафій з’яўляецца дэмаграфічная.Старэйшае пакаленне заканчвае сваю зямную пілігрымку, а маладое ад’язджае ў гарады.
Kс. Юрый Марціновіч