30 верасня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў касцёле святых Космы і Даміяна ў Астраўцы ў інтэнцыі дзяцей, моладзі і сем’яў парафіі. У гэты дзень у парафіі святкаваліся некалькіх юбілейных дат: 550-годдзя ўтварэння парафіі, 200-годдзя касцёла, 100-годдзя вяртання святыні католікам.
Вітаючы іерарха, прадстаўнікі парафіі адзначылі, што яго прысутнасць сярод іх – для таго, “каб былі здольныя прыняць Божую праўду і моц, каб штодзённа ісці наперад у станаўленні хрысціянамі па сутнасці: сэрцам і жыццём”.
У гаміліі біскуп, звяртаючыся да маладога пакалення парафіі, адзначыў, што трэба памятаць пра свае карані, заклікаў будаваць сваё жыццё на фундаментах, якія даўно былі закладзены іх продкамі, што будавалі на Евангеллі Езуса Хрыста.
Узгадваючы пра юбілейныя даты, якія святкаваліся ў гэты дзень, іерарх сказаў: “Кожны юбілей – набліжэнне да нашай гісторыі, каб умела чэрпаць з мінулага, каб будаваць наша сёння і заўтра”.
Падчас Імшы асабліва маліліся за ўсе сем’і парафіі, каб маглі прыходзіць да Бога і з давяраць Усемагутнаму свае радасці, выпрабаванні і надзеі.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп удзяліў дзецям і моладзі індывідуальнае благаслаўленне.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Спірыдон