30 верасня ў межах святкавання юбілейных датаў 550-годдзя ўтварэння парафіі, 200-годдзя касцёла, 100-годдзя вяртання католікам касцёла святых Космы і Даміяна ў Астраўцы святую Імшу ў інтэнцыі бацькоў, пажылых і хворых людзей цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Іерарх прыбыў у парафію па запрашэнні пробашча кс. каноніка Юзафа Багдзевіча.
Падчас Імшы іерарх адзначыў, што цярпенне чалавека – заўсёды скарб для Хрыстовага Касцёла і трэба ўмець пераносіць яго з годнасцю і згодай духу. Біскуп заклікаў усіх людзей прысвячаць свой час тым, хто ў цярпенні, самотным і хворым, якія непадалёк: у нашых дамах, сем’ях, па суседству.
На заканчэнне літургіі вернікі прынялі сакрамэнт намашчэння хворых, які дае хворым моц і адвагу, а таксама ласку хрысціянскага перажывання хваробы.
Парафіяне падзякавалі біскупу Касабуцкаму за прыбыццё да іх у гэты дзень, каб разам святкаваць іх юбілеі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Спірыдон