29 верасня ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Збаўцы (Дзевятоўка) пачаўся двухдзённы Дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні. На сцэне выступаюць салісты ў чатырох катэгорыях, дуэты і вакальна-інструментальныя ансамблі.
Урачыста адкрыў фестываль біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да ўдзельнікаў і арганізатараў, ён адзначыў, што мэта літургічнага спеву і рэлігійных песень – паказваць нам сутнасць хвалы Пана, Яго прыгажосць, Яго святасць, якая атуляе нас, як “ззяючае воблака”.
“Ніводнае з мастацтваў – з захаваннем найвышэйшай павагі да кожнага з іх – не мае такога непасрэднага і такога глыбокага ўплыву на душу чалавека, як музыка”, – дадаў іерарх, падкрэсліваючы, што яна аказвае вялікі ўплыў на веру чалавека.
Біскуп выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто паспрыяў арганізацыі гэтай вялікай і вельмі патрэбнай справы ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў, ён пажадаў заўсёды быць адкрытымі на прысутнасць Бога, Яго дзеянне тут і зараз. “Праз свой спеў паказвайце іншым промень Божага святла”, – сказаў іерарх.
Журы, чыя мэта вылучыць пераможцаў фестывалю, мела цяжкую задачу, бо ўсе выканаўцы добра падрыхтаваліся да яго. Падбор рэпертуару да належнага ўзросту, вакальныя і музычныя ўменні, спосаб і экспрэсіўнасць выканання, убранне і мастацкая прэзентацыя кожнага з выступоўцаў былі на высокім узроўні.
Пасля праслухоўвання салістаў, дуэтаў і гуртоў усе сабраліся на святой Імшы, падчас якой асабліва дзякавалі Богу за кожнага чалавека, адоранага вялікімі талентамі. Маладыя артысты з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў гэты дзень дзякавалі Усемагутнаму за свае музычныя таленты і галасы, якія атрымалі ў дар ад Яго.
Першы дзень фестывалю завяршыўся канцэртам гурта „Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Дыяцэзіяльны фестываль завершыцца 30 верасня галоўным канцэртам, перад якім будуць абвешчаны пераможцы.
Даведка:
Першы Дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні адбыўся ў 2000 г. у Гродне і быў арганізаваны а. Станіславам Станеўскім CSsR. Рэдэмптарыст арганізоўваў яго на працягу шасці гадоў, затым наступіў перапынак.
У гэтым годзе з ініцыятывай адраджэння фестывалю выступіла Віялета Кавальчук з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Збаўцы, якая ўзяла на сябе яго арганізацыю.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Дзянісаў