Skip to main content

Гродзенскія біскупы памаліліся перад рэліквіямі бл. Тэафілюса Матулёніса

2018 09 25 litva 032Біскупы Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч і Юзаф Станеўскі разам з пілігрымамі з Беларусі, якія прымалі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам у Літве, ушанавалі благаслаўлёнага арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса, рэліквіі якога знаходзяцца ў катэдры горада Кайшадорыс у цэнтральнай частцы Літвы.

24 верасня ў кайшадорыскай катэдры адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Акрамя іерархаў з Гродна, Імшу канцэлебравалі Кайшадорыскі біскуп Ёнас Іванаўскас, біскуп на пенсіі Ёзас Матуляйціс, дапаможны біскуп Каўнаскай дыяцэзіі Альгірдас Юравічус.

2018 09 25 litva 008

Гамілію прамовіў біскуп Ёнас Іванаўскас, які нагадаў жыццярыс бл. Тэафілюса Матулёніса. Іерарх адзначыў, што благаслаўлёны быў звязаны з Беларуссю, будучы ў свой час дапаможным біскупам Магілёўскай дыяцэзіі. Біскуп падкрэсліў, што благаслаўлёны яднае народы, якія, нягледзячы на моўны бар’ер, жывуць у згодзе і сяброўстве.

Пасля літургіі вернікі Кайшадорыса перадалі чырвоны арнат з беатыфікацыі арцыбіскупа Матулёніса парафіі ў Гожы, дзе касцёл сёлета пацярпеў у выніку пажару. Такім чынам яны выразілі братэрскую дапамогу супольнасці, якую закранула гэтая трагедыя за год да 150-гадовага юбілею яе святыні.

2018 09 25 litva 054

Даведкa:

Тэафілюс Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. на тэрыторыі Укмергскага ўезда Літвы. Вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння паміж 1900-1907 гг. працаваў у Варклянах (Віцебшчына) і ў Быхаве (Магілёўшчына).

У 1923 г. святар быў упершыню арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў Пецярбургу.

У 1928 г. быў таемна прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак хутка быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння, дзе вызначаўся асаблівай мужнасцю і нязломнасцю.

У 1933 г. яго вызвалілі і выслалі ў Літву ў межах абмену палітычнымі зняволенымі. У 1943 г. ён быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і Уладзіміры.

Вызвалены ў 1954 г., вярнуўся ў Літву, жыў у ізаляцыі ў Шэдуве. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ надаў яму годнасць арцыбіскупа, а праз некалькі месяцаў, 20 жніўня, іерарх памёр. Працэс беатыфікацыі арцыбіскупа Матулёніса працягваўся з 1990 г.

25 чэрвеня 2017 г. падчас урачыстай Імшы на плошчы перад катэдрай у Вільні кардынал Анджэло Амата абвясціў яго благаслаўлёным. Гэта была першая беатыфікацыя слугі Божага на тэрыторыі Літвы.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Catholic.by