Пры гродзенскім касцёле Божай Міласэрнасці дзейнічае “Рух Марыі”, які ў верасні адзначыў 10-гадовы юбілей. На працягу гэтага часу хлопцы і дзяўчаты кожную нядзелю збіраюцца ў святыні і праводзяць там некалькі гадзін: развучваюць набожныя спевы, рыхтуюцца да св. Імшы, удзельнічаюць у Літургіі слова. А пасля частуюцца гарбатай са слодычамі, малююць, гуляюць, спаборнічаюць у конкурсах – і ўсё гэта блізка Бога і яго Маці.
Рух мае тры асноўныя мэты. Жадаць людзям Бога: сваім прыкладам і словамі. Няспынна праслаўляць Сэрца Марыі. І, самая галоўная, – дапамагаць Найсвяцейшай Панне ратаваць душы праз малітву.
РМ мае адмысловыя чаты ў сацсетках, куды ўдзельнікам дасылаюць просьбы, за каго трэба маліцца. Па словах арганізатара руху, спадара Алега Гарбачова, дзецям вельмі падабаеццца праяўляць клопат і адчуваць сябе камусьці патрэбнымі. Падчас сустрэчы яны перш за ўсё правяраюць, ці з’явіліся новыя “замовы”.
Акрамя гэтага ўдзельнікі РМ заўсёды моляцца за нашу краіну. У пакоі арганізаваны “беларускі куток”, дзе змяшчаюцца рэчы, зробленыя калісьці вясковымі ўмельцамі, а паміж імі – фігура Маці Божай. Там і гучаць усе малітвы ў інтэнцыі Сінявокай.
Раней праводзіліся т. зв. “духоўныя практыкі”. РМ разам з “Легіёнам Марыі” наведваў пацыентаў адной з гродзенскіх бальніц, каб разам памаліцца Ружанец.
Калі малітва і св. Імша – цэнтр сустрэч, то шматлікія забаўляльныя мерапрыемствы – прыемныя дапаўненні, без якіх РМ страціў бы сваю цэласнасць і значную частку прываблівасці. Некалькі разоў на год арганізуюцца канцэрты, дыскатэкі, тэатральныя выступленні, экскурсіі і адпачынак у летніку.
На штотыднёвых сустрэчах РМ збіраецца каля 25-ці чалавек ва ўзросце 6–23 гадоў. Кожны мае хоць і просты, але занятак. Падлеткі граюць у “настолкі”, пакуль дзеці слухаюць аповеды пра анёлаў і стварэнне сусвету. Калі закранаюцца больш сур’ёзныя тэмы, у спатканнях удзельнічае духоўны кіраўнік. Айцец сэрцанін дапамагае развеяць сумневы і разабрацца ў дылемах. На працягу апошніх 5-ці гадоў рух моцна падтрымліваў а. Эдуард Сінкевіч. Ён не толькі прычыніўся да духоўнага равіцця членаў РМ, але і дапамагаў матэрыяльна.
Стаць удзельнікам руху можа кожны жадаючы ад 6 да 18 гадоў. Аднак, як паказвае практыка, дасягнуўшы паўналецця, моладзь не хоча пакідаць рух. А тыя, хто ўжо мае сем’і, абяцаюць у будчыні прывесці ў марыйную супольнасць сваіх дзяцей.
Марыя Кахно, 24 гады
Да “Руху Марыі” я далучылася 4 гады таму. За гэты час супольнасць стала для мяне сапраўднай сям’ёй. Тут я навучылася дабрыні і спагадзе. Навучылася маліцца і дзякаваць Марыі за ўсё, што адбываецца ў маім жыцці.
Дзякуючы РМ я пачала нанова перажываць св. Імшу – у мяне атрымліваецца адганяць усе непатрэбныя думкі, паўсядзённыя справы і планы падчас службы. Я сканцэнтравана на літургіі і малюся ўсім сэрцам і душой.
Міхась Паўлоўскі, 15 гадоў
Удзельнікам РМ я з’яўляюся ўжо 8 гадоў. Прыйшоў, калі быў яшчэ дзіцём, але, нягледзячы на тое, што пасталеў, пакідаць супольнасць не хочацца. Больш за ўсё падабаецца, што на сустрэчах кожны можна знайсці сабе занятак: і дзіця, і падлетак. Нам камфортна разам: мы гуляем, размаўляем, ладзім святы, вучымся адказнасці адзін за аднаго.
Прыемна, што маем адмысловую форму бела-блакітнага колеру, якую апранаем падчас Імшы. Гэта дазваляе вылучацца і яшчэ больш яднае нас.
Крысціна Рукша, 23 гады
На працягу 2-ух апошніх гадоў я пастаянна наведваю сустрэчы «Руху Марыі». Усё маё атачэнне ведае, што кожную нядзелю з 12.00 да 16.00 мяне «бессэнсоўна чапаць, бо я на РМ». Падчас спатканняў я навучылася дзвюм рэчам. Па-першае, што я маю Марыю, якая не проста з’яўляецца Божай Маці, але вельмі блізкай мне Асобай. Яна штодзень крочыць побач, заступаецца за мяне і абараняе ад усяго злога. Беражэ маю душу, каб я не аддалялася ад Бога, дабра і людзей. Па-другое, што любіць Госпада і хадзіць у касцёл – гэта не сорамна, насуперак меркаванню часткі сучаснай моладзі.
РМ для мяне – гэта сям’я, сяброўства, радасць, натхненне і суцяшэнне ў розных выпадках. Там я бесперапынна вучуся ад і дзялюся сваімі ведамі з людзьмі навокал.
AM
Фота: Алег Гарбачоў