Skip to main content

Каманда Сапоцкіна перамагла на рэспубліканскім турніры па міні-футболе ў Слоніме

turnir slonim jp 2522 верасня ў Слоніме прайшоў XIV Рэспубліканскі турнір па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ. У гэтым годзе спартыўнае мерапрыемства сабрала 17 каманд з усёй Беларусі (чатыры каманды з Гродна (Вішнявец, Дзевятоўка, Аўгустовак, Паўднёвы), каманды з Мінска, Іўя, Маладзечна, Баранавіч, Новай Мышы, дзве каманды са Слоніма (парафіі Св. Андрэя і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі), з Докшыц, Грандзіч-Путрышак, Воранава, Жабінкі, Беразінскага).

Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме ў чарговы раз прымала ўсіх удзельнікаў турніру. Раніцай яны сабраліся на святой Імшы, якую цэлебраваў кс. Ігар Анісімаў, дэкан і пробашч гэтай парафіі. Гамілію прамовіў кс. Антоні Абухоўскі, пробашч з Сапоцкіна. «Бог не перастае клікаць кожнага чалавека да святасці. Жывым прыкладам з'яўляецца св. Ян Павел ІІ, які сам займаўся спортам. У маладосці ён гуляў у футбол і заўсёды вёў актыўны лад жыцця», - адзначыў святар, дадаўшы, што спорт не перашкодзіў Пантыфіку быць верным свайму пакліканню.

Пасля Імшы ўдзельнікі турніру паглядзелі фільм “Хроніка турніру па футболе 2017 года”. Затым каманды накіраваліся на футбольнае поле, дзе перад пачатакам спаборніцтваў да іх звярнуўся трэнер футбольнага клуба “Слоним” Аляксей Шубянок. Каманды падзяліліся на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, удзельнікі вылучылі пераможцаў.

turnir slonim jp 18

Пасля абеду каманды разыгралі выніковыя месцы з 1-га па 7-е. Усе матчы праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, не адзін раз даводзілася прабіваць пасляматчачвыя пенальці для вызначэння пераможцы.

У матчы за 3-е месца каманда Воранава з лікам 3-0 перамагла каманду Маладзечна.

Фінальная гульня стала ўпрыгажэннем усяго турніру. Каманда Сапоцкіна з лікам 1-0 перамагла каманду Грандзіч-Путрышак.

Пасля ўсіх гульняў адбылася цырымонія ўзнагароджання, дзе, акрамя кубкаў, медалёў і асноўных намінацый, былі ўручаны прызы лепшым гульцам у кожнай з каманд. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара Баляслава Івашкі.

Мерапрыемства завяршылася святочнай вячэрай. Удзельнікі турніру ўдзячныя спонсару Баляславу Івашку («ВИБОТОРГ»), Юрыю Бяссонаву («Газпром трансгаз Беларусь»), Пастаральнаму цэнтру ККББ, трэнерскаму штабу футбольнага клуба «Слоним» і ўсім валанцёрам.

Выніковыя месцы:

  1. Сапоцкін.
  2. Грандзічы-Путрышкі
  3. Воранава
  4. Маладзечна
  5. Слонім – Св. Андрэя
  6. Жабінка
  7. Гродна – Вішнявец
  8. Гродна – Дзевятоўка
  9. Докшыцы
  10. Новая Мыш
  11. Гродна – Аўгустовак
  12. Гродна – Паўднёвы
  13. Іўе
  14. Мінск – Савіо
  15. Баранавічы
  16. Беразінскае
  17. Слонім - Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Асноўныя намінацыі:

Лепшы гулец турніру – Аляксандр Лаўрыш (Сапоцкін)

Лепшы бамбардзір турніру – Аляксандр Карповіч (Беразінскае)

Лепшы брамнік турніру – Андрэй Ранцаў (Грандзічы)

Прыз глядацкіх сімпатый – каманда Жабінак.

 

Кс. Артур Малафей, арганізатар турніру