18 верасня ў парафіі Св. Станіслава Косткі адбылася ўрачыстасць тытулу касцёла. На ўрачыстасці сабралося шмат парафіян і гасцей, адпустовую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Сёлета спаўняецца 450 гадоў з часу смерці св. Станіслава Косткі, якога ваўкавыская парафія абрала сваім асаблівым апекуном.
Біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, агортваючы асаблівай малітвай дзяцей і моладзь, бо св. Станіслаў з’яўляецца іх апекуном.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на жыццё св. Станіслава – “маладога ўзростам, але сталага разважнасцю, вялікага духам”, які апякуецца гэтай парафіяй і ўказвае шлях сучаснай моладзі.
Большую частку гаміліі біскуп прысвяціў менавіта маладым людзям, бо яны з’яўляюцца будучыняй свету і павінны свой сённяшні і заўтрашні дзень будаваць на Божым фундаменце.
“Сёння мы, старэйшыя Касцёла, звяртаемся да вас, дарагая моладзь, не губляйце ахвоты на добрую перамену ў вашым жыцці і жыцці Касцёла, не асуджайце тых, што былі вам дрэнным прыкладам крочання за Панам”, – дадаў іерарх.
Біскуп заклікаў, каб прагненне шчасця і супакою не засталося толькі марай маладых людзей, але каб, вандруючы праз жыццё, яны кожны дзень маглі адчуваць прысутнасць Бога.
“Не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, не бойцеся будаваць на скале – гэта значыць на Хрысце, будаваць, як святы Станіслаў Костка”, – сказаў біскуп, заахвочваючы ніколі не баяцца будаваць свой дом у Касцёле і з Касцёлам.
“Памятайце, што кожны Папа, кожны біскуп, святар, законніца і законнік, вашы бацькі, чалавек мудры – не выступіць супраць вас, вашага будавання дома на скале. Больш за тое, кожны, бачачы вашыя намаганні, дапаможа вам у будаванні Жыцця”, – падсумаваў іерарх.
Біскуп пажадаў дзецям і моладзі, прысутным у святыні, шчаслівай дарогі крочання за Панам у напрамку людзей, якія яшчэ не спазналі Евангелля Хрыста.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. канонік Алег Дуль падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за ўдзел ва ўрачыстасці.
Для дзяцей і моладзі ў дзень адпусту былі арганізаваны конкурсы і забавы. Іх мэтай было найперш бліжэй пазнаёміць са шляхам святога апекуна, які меў адвагу супрацьстаяць пануючай на жыццё модзе і цалкам даверыў сваё жыццё Богу, якога часта адараваў у Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара, і Маці Божай, да якой меў асаблівы культ.
Кс. Юрый Марціновіч