19 верасня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбыўся канцэрт класічнай музыкі. У гэты вечар у парафіяльнай святыні прагучалі сусветна вядомыя творы кампазітараў Ф. Шапэна, С. Манюшкі, Ф. Нававейскага, І. Падэрэўскага, а таксама сучасных кампазітараў.
На канцэрце сабраліся шматлікія парафіяне і госці з Сапоцкінскага дэканату.
Вечар стаў нагодай пазнаёміцца з творчасцю вядомых музыкаў і хвілінай адпачынку ад штодзённых спраў. З вялікай засяроджанасцю вернікі ўслухоўваліся ў музыку, якую выконвалі артысты з Польшчы: Ганна Урубель на віяланчэлі, Малгажата Марчык на фартэпіяна.
Маладыя артысткі вядуць ажыўленую канцэртную дзейнасць, граючы ў камерных гуртках і ў аркестрах і выступаючы таксама як салісткі. Неаднаразова яны ўдзельнічалі ў конкурсах сола і камернай музыкі нацыянальнага і міжнароднага маштабу, атрымліваючы ўзнагароды. Праводзілі канцэрты ў Польшчы, Швецыі, Даніі, Эстоніі, Украіне, Ісландыі, Літве, а зараз і ў Беларусі.
На заканчэнне вечару словы ўдзячнасці выказаў пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі. Святар падзякаваў за прыгожы канцэрт і за магчымасць пачуць незабыўныя гукі.
Kс. Юрый Марціновіч