Кожны год аздараўленчы каталіцкі лагер “Карытас”, што знаходзіцца ў Нецечы Лідскага раёна, збірае хлопчыкаў і дзяўчынак з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Варта адзначыць, што сёлета жадаючых было больш, чым месцаў. Значная колькасць дзяцей ужо адпачывала ў лагеры ў мінулым годзе, але выкарыстала магчымасць вярнуцца сюды ізноў.
У лагеры шмат робіцца для таго, каб арганізаваць паўнавартасныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзяцей. Самым галоўным арганізатары лічаць сабраць адказную і прафесійную каманду для працы з дзіцячым калектывам.
На час дзейнасці чатырох лагерных змен было задзейнічана 33 валанцёры і 4 супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”. Адміністрацыя, выхавацелі, абслугоўваючы персанал прыклалі ўсе намаганіі, каб стварыць бяспечныя ўмовы прабывання дзяцей, каб ім было весела і цікава бавіць час, каб у іх была смачная ежа.
Важкая роля надаецца духоўнаму выхаванню дзяцей, таму ў лагеры заўсёды працуюць навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Яны праводзяць заняткі па рэлігіі, разважаюць на тэму веры. Надаецца ўвага выхаванасці, культуры паводзін з сябрамі, дарослымі, у час гульняў і ўвогуле ўсяму таму, з чым можна сутыкнуцца ў жыцці.
Побач знаходзіцца касцёл святога Міхала Арханёла, пробашч якога кс. Віктар Савіцкі ўжо шмат гадоў з’яўляецца духоўным настаўнікам для дзяцей, якія прыязджаюць сюды летам. Святар скіроўвае да дзяцей разважанні аб дзесяці Божых запаведзях, прыводзіць яскравыя жыццёвыя прыклады, дае дзецям магчымасць выказаць свае думкі. На святой Імшы гучаць песні пад гітару, якія развучваюць з дзецьмі выхавацелі.
У астатнім гэта звычайны лагер, як і многія іншыя, дзе можна развівацца, займацца спортам, гуляць, маляваць і шмат чаго яшчэ. Ёсць магчымасць падарыць дзецям падарункі, салодкія пачастункі. Кожны дзень спланаваны, насычаны мерапрыемствамі і падрыхтоўкай да іх. Найбольш папулярнымі сярод дзяцей з’яўляюцца “Дзень талентаў”, “Дзень добрага святара”, “Дзень бізнесу”, “Дзень наадварот”, спартыўныя камандныя спаборніцтвы і іншыя.
Як і ў любым дзіцячым калектыве, часам могуць узнікнуць спрэчкі, непаразуменні або крыўды. Не бывае так, што гэта застаецца без увагі дарослых, без размовы з дзіцём і з бацькамі. Здараецца, што бацькі плануюць адпачынак не з улікам пажаданняў дзіцяці, і тады “ўсё не цікава…”.
У лагеры ёсць традыцыя: па жаданні ў кнізе водгукаў можна адлюстраваць свае ўражанні ад перажытага часу за змену. Вось што пішуць дзеці:
Нікіта, 12 гадоў: “У гэтым лагеры я ўжо трэці раз. Мне вельмі тут падабаецца. Гэта самы лепшы лагер, у якім я быў. Тут так смачна гатуюць і вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў. А яшчэ выхавацелі добрыя. Тут няма інтэрнэта, але пра гэта не ўспамінаеш, бо вельмі весела праходзіць час. Я раю ўсім сюды прыехаць! Дзякую вам!”
Дамініка і Эмілія: “Дзякуй усім выхаваўцам, дырэктару, намесніку дырэктара за гэту змену. Дзякуй за гульні, за падарункі, якія мы атрымалі. Тут вельмі класна і весела, крута. Мы ўжо другі раз у гэтым лагеры, але на наступны год абавязкова прыедзем сюды ізноў. Нам вельмі спадабалася!”
Дар’я, 10 гадоў: “Я ў лагеры першы раз. Мне вельмі спадабаўся Дзень казак. Я хачу прыехаць сюды ў наступным годзе!!!”
Юля, 11 гадоў: “У гэтым лагеры вельмі класна. Як толькі я вярнуся дамоў, я раскажу пра гульні, вогнішча, пра конкурс місіс лагера, пра піянербол. Пра тое, як хадзілі ў касцёл, перад ежай маліліся, як скакалі на батуце і каталіся на чатырохколавым ровары. Я зусім не шкадую, што сюды прыехала!”
І яшчэ шмат такіх шчырых выказванняў дзяцей пра тое, як яны правялі свой час у каталіцкім лагеры.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства ”Карытас” складае падзяку ўсяму калектыву, які працаваў у якасці валанцёраў у дзіцячым лагеры. За арганізацыю службы бяспекі на тэрыторыі лагера – падзяка супрацоўнікам Лідскага РАУС, за правядзенне паказальных прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей – Лідскаму РАНС. Таксама таварыства дзякуе ўсім спонсарам, добрым людзям, якія ўнеслі ўклад у арганізацыю дзіцячага адпачынку.
“Дзякуем за плённую працу, за вашу бескарыслівасць, за асабісты час, які вы прысвяцілі дабрачыннасці. Жадаю шчодрасці Божых дароў на далейшыя гады служэння Пану і людзям. Памятаем у малітве ўсіх дабрачынцаў і людзей добрай волі, якія прынялі ўдзел у такой важнай справе – дапамозе дзецям”, – адзначыў дырэктар РМ “ДКТ “Карытас”” ксёндз доктар Раман Рачко.
Наталля Вішнеўская