Skip to main content

“Gaudeamus igitur”: урачыстае распачацце навучальнага года ў семінарыі ў Гродне

inauguracyja 32Спеў гімна студэнтаў “Gaudeamus igitur” у чарговы раз загучаў у сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, распачынаючы новы навучальны год. 19 верасня ўрачыстым актам інаўгурацыі духоўная ўстанова ўжо ў 29-ы раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу.

На інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Прыбылі таксама святары, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка і віцэ-рэктар кс. Адам Дынак.

Не баяцца, а даверыцца Богу

Усіх удзельнікаў урачыстай падзеі прывітаў рэктар семінарыі кс. Віталій Вацяхоўскі, які адзначыў, што “на пачатку восені ў гэтым месцы “маці, якая корміць”, збірае сваіх дзяцей, каб наталіць іх прагненне духоўнай ежы, аднавіць іх сілы, каб яны нанова разгарнулі свае крылы і не стаміліся”.

inauguracyja 4

Ксёндз Вайцяхоўскі, які пачынае сваё служэнне ў якасці рэктара семінарыі, дадаў, што за 29 гадоў яе існавання адбылося шмат змен: змяніліся людзі, абставіны, змяняецца соцыум, у якім мы жывём, і выходзяць на першы план іншыя каштоўнасці.

“Пачынаючы новы навучальны год, нам не трэба баяцца! Трэба ў чарговы раз даверыцца Богу. Распазнаць Яго як Крыніцу Праўды, як адзіны шлях, як сапраўднае Жыццё”, – адзначыў кс. Вайцяхоўскі, падкрэсліваючы, што гэта галоўнае заданне кожнага, хто пераступае парог гэтай незвычайнай навучальнай установы.

Ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект семінарыі, прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, у якой адзначыў, што гэты час быў вельмі багатым на разнастайныя падзеі, якія спрыялі атрыманню ведаў, а таксама на розныя душпастырскія практыкі, якія праходзілі семінарысты.

Традыцыйна была праведзена інаўгурацыйная лекцыя, з якой сёлета выступіў перад сабранымі кс. Адам Дынак, пад назвай “Благаслаўлёныя міратворцы. Евангельская тэалогія супакою”. Святар прапанаваў задумацца над каштоўнасцю супакою, бо, па яго словах, сённяшнія часы вельмі неспакойныя і складаныя. Ксёндз Дынак адзначыў, што без Бога супакой будзе немагчымы. “Першая і найважнейшая ўмова таго, каб быў супакой, - скончыць канфлікт з Богам”, – звярнуў увагу святар. Віцэ-рэктар пінскай семінарыі дадаў, што супакой, які прынясе Езус, – не палітычная праграма, а рэчаіснасць, якая нараджаецца ў сэрцы чалавека і супольнасці Касцёла.

Касцёлу патрэбны ўсебакова падрыхтаваныя святары

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім слове звярнуў увагу, што Касцёлу патрэбны святары, каб ён мог верна і паспяхова спаўняць сваю місію абвяшчэння Добрай Навіны і асвячэння вернікаў сакрамэнтальнай ласкай. “Святары патрэбны ўсяму Божаму народу, які хоча бачыць у іх не толькі вестуноў Евангелля і распарадчыкаў святых сакрамэнтаў, але і духоўных праваднікоў, сапраўдных сведкаў веры, узорных і праўдзівых вучняў Хрыста, якія жывуць штодзень згодна з тым, што абвяшчаюць”, – сказаў іерарх.

inauguracyja 15

Па словах біскупа, выклікі, якія стаяць перад святарамі заўтрашняга дня, вялікія і сур’ёзныя, і, каб быць здольнымі ім супрацьстаяць, будучым святарам неабходна трывалая і ўсебаковая падрыхтоўка, якая на касцёльнай мове акрэсліваецца тэрмінам “фармацыя”.

На пачатку новага навучальнага года біскуп скіраваў словы прызнання і глыбокай удзячнасці найперш да кола ксяндзоў выхаваўцаў і выкладчыкаў. Асаблівым чынам ён падзякаваў ксяндзу каноніку доктару Раману Рачко, які ў сувязі з рэарганізацыяй сістэмы фармацыі кандыдатаў да святарства ў Беларусі перастаў выконваць функцыю рэктара.

Іерарх падзякаваў таксама непрысутнаму ксяндзу каноніку Валерыю Быкоўскаму, які шмат гадоў служыў гродзенскай семінарыі як выкладчык і духоўны айцец і менавіта ў гэтыя дні пачынае душпастырскае служэнне ў Канадзе.

Звяртаючыся да семінарыстаў, біскуп адзначыў, што іх прысутнасць у сценах семінарыі – знак, што яны адчулі ў сваіх сэрцах гэтую цудоўную ласку. “Ад вас у вялікай меры залежыць, ці захаваеце яе і памножыце, ці не змарнуеце вялікага і выключнага дару, якім адарыў вас Бог, і ці вытрымаеце на шляху да мэты, якая перад вамі”, – дадаў іерарх і падкрэсліў важнасць таго, каб кожны семінарыст памятаў, што ўжо зараз, у семінарыі, дзень за днём закладваецца фундамент будучага святарства.

Святарства – пакліканне, а не прафесія

Інаўгурацыя новага навучальнага года завяршылася ўручэннем заліковак навучэнцам першага курса, якія толькі пачынаюць вучобу ў семінарыі. Затым адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

inauguracyja 24

У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што “задача семінарыі – падрыхтаваць тых, якія будуць не толькі абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты і здзяйсняць іншыя паслугі, але і якія павінны стаць духоўнымі лідарамі людзей”, бо “ад іх якасці будзе залежаць і якасць служэння Касцёла”.

Арцыбіскуп нагадаў, што святарства – гэта не прафесія, а пакліканне, і што семінарыя – месца, дзе чалавек праходзіць фармацыю ў чатырох напрамках: чалавечая, духоўная, інтэлектуальная, пастырская.

“Аснова асноў – гэта чалавечая фармацыя. Святаром становяцца праз ускладанне рук і малітву біскупа. Чалавекам жа трэба станавіцца праз усё жыццё”, – сказаў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп заўважыў, што святарскае служэнне сёння і ў будучыні будзе патрабаваць ад святара чалавечых якасцяў, глыбокай і жывой веры, адпаведнага ўзроўню і ўмення эфектыўнага апостальства. “Таму ўжо ў семінарыі неабходна праз усебаковую фармацыю атрымаць глыбокае разуменне Божых спраў, каб дзейнічаць “in persona Christi” на хвалу Бога і для збаўлення людзей”, – дадаў старшыня беларускага епіскапату.

inauguracyja 56

Жадаем, каб Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне i ўсе, хто яе ўтварае, даверыліся Богу, каб ісці наперад і працягваць слаўныя традыцыі падрыхтоўкі новых працаўнікоў жніва Хрыстовага!

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Андрэй Юхнік, семінарыст