18 верасня вернікі з Ліды здзейснілі аўтобусную пілігрымку па святынях Беларусі. На сваім шляху група з 50 чалавек пабывала ў касцёлах у Дудах, Валожыне, Маладзечне, Смаргоні, Крэве, Барунах, Суботніках, Геранёнах. Наведваючы святыні, пілігрымы маглі пазнаёміцца з іх гісторыяй.
Арганізатарам пілігрымкі быў кс. Юрый Бяганскі, кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях.
Падчас падарожжа вернікі маліліся, спявалі песні, выслухалі канферэнцыю на тэму “Малітва ў маім жыцці”. Кожны пілігрым ехаў са сваёй інтэнцыяй, каб даверыць Богу сваю сям’ю і ўсе штодзённыя справы.
Час пілігрымавання стаў нагодай пазнаёміцца з прыгожымі святынямі ў нашай краіне, якія маюць багатую гісторыю і захапляюць прыгажосцю, і памаліцца ў многіх касцёлах. На заканчэнне дня апошнім пунктам праграмы было наведванне санктуарыя ў Тракелях, дзе вернікі прынялі ўдзел у святой Імшы. Эўхарыстыя была нагодай падзякаваць Богу за працу пілігрымкі і за ўсе ласкі, якія кожны ўдзельнік атрымаў праз рукі Марыі.
Kс. Юрый Марціновіч