Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы, якія адбыліся 17 верасня, завяршыліся канцэртам гурта Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” і прэзентацыяй парафіяльных груп.
Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня сюды пілігрымавалі дзеці і моладзь, настаўнікi і выхавацелi, выкладчыкi і катэхеты, каб на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года аддацца ў мацярынскую апеку Найсвяцейшай Панны Марыі.
Праслаўляць Бога на высокім узроўні
У так званым “амфітэатры” каля святыні адбыўся канцэрт гурта Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у адноўленым складзе. Маладыя людзі сваім спевам заахвочвалі ўсіх прысутных праслаўляць Бога за ўсе Яго ласкі, якія Ён дае кожнаму чалавеку. Таксама быў час на інтэграцыйныя танцы і забавы.
Пілігрымы мелі магчымасць прадставіць свае парафіі, распавесці, чым яны жывуць, і паказаць свае таленты. Дзякуючы такім невялікім выступленням можна было пазнаёміцца з дадзенай парафіяльнай супольнасцю і з тымі, хто яе ўтварае.
Саліста гурта “OPEN” Вікторыя Бурч адзначае, што да канцэрту іх гурт рыхтаваўся вельмі старанна, “бо наш Бог варты таго, каб Яго праслаўлялі на высокім узроўні”. Дзяўчына прызнаецца, што такой аддачы ад пілігрымаў яны не чакалі. “Хочацца маліцца яшчэ больш, калі бачыш іх танцы, шчырыя усмешкі і спевы. Я думаю, што Бог глядзеў на нас і быў шчаслівы. Бо такая колькасць маладых людзей, якія жадаюць Яго праслаўляць, не можа не радаваць”, – дадае Вікторыя.
Што тычыцца яе самой, то, па словах Вікторыі, на працягу ўсяго канцэрту яна адчувала Божую прысутнасць і бласлаўленне, дзеля чаго варта жыць.
“Я зразумела, што моладзь нашага Каталіцкага Касцёла на гродзенскай зямлі актыўная, таленавітая і творчая. Прыемна было бачыць, што яны не баяліся паказаць сябе і свае таленты, падараваныя Богам”, – кажа Вікторыя.
Адчуць прысутнасць Марыі ў сваім жыцці
Шмат дзяцей і моладзі пачатак свайго навучальнага года не ўяўляюць без наведвання Капцёўкі. Для іх гэта магчымасць падумаць пра будучыню, даверыць Марыі навучальны год і проста правесці свой час з карысцю. Менавіта так гэта ацэньвае гэта другая салістка гурта Сабіна Дзякун. Дзяўчына адзначае, што пасля гэтай сустрэчы з дзецьмі і моладдзю ў Капцёўцы ў яе сэрцы засталіся толькі незабыўныя ўражанні і прысутнасць нябеснай Маці.
“Пасля такіх пілігрымак і канцэртаў бачыш, што Езус чыніць цуды і запальвае сэрцы маладых людзей праз сваю Маму! А гэта не можа не грэць душу! Галоўнае – помні, што ты не адзін!” – дадае Сабіна.
Варта пажадаць усім у гэтым новым навучальным i катэхетычным годзе быць цярплівымі, стараннымі і спадзявацца на Божую любоў. I ніколі не губляць упэўненасці, што ва ўсіх радасцях і цяжкасцях побач заўсёды стаіць любячая Маці, якая падасць руку і агорне плашчом сваёй апекі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык, семінарыст