Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбылася пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы.
Сёлетняя пілігрымка, якая адбылася 16 верасня, прайшла пад дэвізам “З Марыяй у новы навучальны год” і вырушыла раніцай з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі).
Сустрэча з іншымі дадае адвагі
Дзяцей і моладзь суправаджалі бацькі. Часта ішлі цэлымі сем’ямі. Усе пілігрымы неслі да трону Маці свае інтэнцыі і просьбы. Многія прасілі Бога праз Марыю аб тым, каб дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе. Некаторыя дзеці маліліся, каб найлепш падрыхтавацца да прыняцця Першай Камуніі.
Ішлі да Маці Божай і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія таксама прасілі аб Божым благаслаўленні ў новым навучальным годзе і давяралі ўсе свае патрэбы сэрца.
Для многіх гэтая пілігрымка, якая пачынаецца вераснёвым, часта халодным ранкам і працягваецца толькі некалькі гадзін, у якой трэба пераадолець каля 15 км, стала добрай традыцыяй.
“Каторы год я прыходжу да Маці Божай, не толькі для таго, каб праз Яе заступніцтва выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі на навучальны год, але таксама каб узбагаціцца духоўна”, – кажа студэнтка Анастасія Навумчык. Дзяўчына адзначае, што сустрэча з іншымі людзьмі дадае ёй адвагі, каб даваць сведчанне сваёй веры тым маладым людзям, якія не ведаюць пра Бога.
“У хуткім жыцці студэнта пілігрымка – гэта час, каб спыніцца, спакойна ўздыхнуць і атрымаць сілы на будаванне сваёй будучыні з Богам”, – кажа Анастасія.
Даверыць кожнае дзіця і сям’ю Марыі
Сястра Ганна Мацуль CSFN, якая катэхізуе дзяцей у гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі), падкрэслівае, што вельмі важна, каб на парозе новага навучальнага года ўсе свае клопаты, кожнае дзіця і сям’ю даверыць Марыі, бо Яна лепш за ўсё зможа зразумець і прадставіць усе просьбы Богу.
“Марыя ўсё жыццё давярала Богу, і Ён адарыў Яе паўнатой сваёй ласкі. Яна насіла пад сэрцам Езуса. Была пры Ім з моманту нараджэння і да самай смерці на крыжы. Яна Тая, якая лепш за ўсё магла пазнаць Бога, асабліва ў Назарэце. У Евангеллі напісана, што Марыя захоўвала ўсе словы Пана і разважала над імі”, – кажа манахіня.
Сястра прызнаецца, што, працуючы з дзецьмі, сем’ямі, сустракаецца з рознымі сітуацыямі. “Адны дзеляцца радасцямі, іншыя праблемамі. На мой погляд, асабліва важна ўвесь год даверыць Марыі. Усіх дзяцей і іх сем’і”, – гаворыць яна.
Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма.
Вітаючы вернікаў, кусташ заклікаў даверыць усё сваё жыццё – свой сённяшні і заўтрашні дзень – Пану Богу, які заўсёды з’яўляецца крыніцай усялякага дабра.
Трэба мець надзею, што зерне Божага слова, якое было засеяна ў сэрцах сёлетніх пілігрымаў, прынясе ў новым навучальным і катэхетычным годзе благаслаўлёныя плёны.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык, семінарыст