Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у Галынцы: імкніся за крыжам, і дойдзеш да мэты

galynka 1714 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы (Сапоцкінскі дэканат) адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць. Ушанаваць дрэва Крыжа ў гэты дзень прыбылі шматлікія парафіяне і госці.

Урачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць.

Вітаючы прысутных у святыні, пробашч парафіі кс. Павел Гедройць адзначыў, што парафіяльная адпустовая ўрачыстасць – нагода аднавіць сваё жаданне верна стаць пад крыжам Езуса Хрыста, які, паміраючы на ім, аддаў за ўсё чалавецтва сваё жыццё.

Біскуп Юзаф Станеўскі звярнуў увагу ў гаміліі, што, ў гэты дзень адпусту вернікі стаяць ля Хрыстовага крыжа, каб любоў, якая з яго сыходзіць, напоўніла іх сэрцы. “Мы глядзім на Хрыста, які ўзвышаецца на крыжы, і ў Ім шукаем ацалення. Мы ўсе ведаем і разумеем, што цаной нашага збаўлення была бязмежная любоў Бога да чалавека”, – дадаў іерарх.

galynka 13

Па словах біскупа, крыж абвастрае позірк на свет і не дазваляе затрымацца на часовасці. “Крыж паказвае, як важныя мы Пану Богу. Ажно да страты жыцця”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што гэта абавязвае ўсіх людзей да канкрэтных учынкаў, каб жыць з Богам кожны дзень і дазволіць яму сапраўды ўвайсці ў жыццё і перамяняць яго.

Біскуп заклікаў усіх прысутных штодзённа браць крыж на свае плечы – дабравольна і свядома. “Калі не ведаеш, дзе знаходзіцца мора, ідзі за цячэннем ракі, і яна прывядзе да мэты. Калі не ведаеш, дзе вечнае жыццё, – імкніся за навукай Хрыстовага крыжа, і дойдзеш да мэты”, – падкрэсліў іерарх.

Урачыстасці завяршыліся эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, а затым адбылася прэзентацыя новай кнігі пра Сапоцкінскі дэканат пад назвай “З Гродна за Ласасянку” аўтарства а. Юзафа Макарчыка OFMConv.

Кніга выйшла ў 2018 г. і засноўваецца на багатых архіўных крыніцах, разглядаючы ўвесь Сапоцкінскі дэканат, які перад заснаваннем Гродзенскай дыяцэзіі належаў да Ломжынскай дыяцэзіі і меў сваю спецыфіку ў звычаях і рэлігійных практыках.

Kс. Юрый Марціновіч