З 2017 г. у пяці парафіях Гродзенскай дыяцэзіі – у Лідзе, Смаргоні, Ашмянах, Астраўцы і Гродне – з моманту рэалізацыі праекта “Арганізацыя інтэграцыйных святліц у парафіях” паспяхова ажыццяўляюць сваю дзейнасць інтэграцыйныя святліцы для дзяцей. З мэтай арганізацыі належнай і прадуктыўнай працы святліц у парафіях спецыялісты з Варшавы правялі два семінары на тэму “Мэты і задачы святліцы. Дапамога людзям у крызіснай сітуацыі”.
Функцыя святліц – стварыць паўнавартасныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзяцей пасля заняткаў у школе, арганізаваць правядзенне часу. Памяшканні абсталяваны яркай і функцыянальнай мэбляй, маюць неабходнае тэхнічнае і музычнае абсталяванне. Выхаваўцы, валанцёры, законныя сёстры праводзяць тут духоўныя і выхаваўчыя заняткі, аказваюць дапамогу дзецям у выкананні вучэбных заданняў.
Святліцы сталі месцамі для арганізацыі гульняў і забаваў з дзецьмі, а таксама тут сустракаюцца за кубкам гарбаты і душэўнымі размовамі людзі малодшага і старэйшага пакаленняў. На сённяшні дзень каля 600 дзяцей наведваюць святліцы пры парафіях, больш за 25 валанцёраў і выхаваўцаў уключаны ў працу з дзецьмі і моладдзю.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” у межах праекту “Арганізацыя інтэграцыйных святліц у парафіях”, сумесна з “Карытас” у Польшчы і праграмай польскага супрацоўніцтва “Польская дапамога”, узгодненай з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, працягвае плённае суправаджэнне дзейнасці святліц для дзяцей на тэрыторыі дыяцэзіі: у гэтым годзе запланавана адкрыццё яшчэ чатырох інтэграцыйных святліц у парафіях.
Падчас семінару валанцёры “Карытас” мелі магчымасць пазнаёміцца з вопытам калег з Польшчы. Тэматычны семінар, арганізаваны ў форме інтэрактыўных зносін, дазволіў удзельнікам атрымаць новыя веды і навыкі. Таксама ён даў магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца больш пра валанцёрскую працу ў розных парафіях, паразмаўляць адзін з адным і актыўна правесці час.
Усе ўдзельнікі семінару выказалі свае пажаданні аб працягу ўзаемадзеяння з дабрачынным таварыствам “Карытас” і ўдзеле ў падобных занятках.
JM