Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў урачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай

2018 09 10 bialynichy 0379 верасня ў парафіі ў Бялынічах адсвяткавалі ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай. Сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці, якія з кожным годам збіраюць усё большую колькасць пілігрымаў, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На святкаванні сабраліся вернікі з розных мясцін Беларусі: з Бабруйска, Мінска, Асіповічаў, Талочына, Рубяжэвічаў, Дзяржынска, Крывічоў, Ракава, Гродна, Фашчаўкі, Маладзечна, Вілейкі.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі прыгадаў росквіт культу цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і пашаны да Маці Божай, а таксама знішчэнне няверуючымі мясцовай святыні. “Змяняліся пакаленні, але нязменнай засталася матчыная апека над нашым краем”, – адзначыў іерарх.

2018 09 10 bialynichy 043

Па словах іерарха, прысутнасць Бога ў гісторыях нашага жыцця з’яўляецца жывой крыніцай чалавечай сілы, адчуваецца ў Яго слове і Эўхарыстыі, і нам трэба адчыніць дзверы Хрысту, які ідзе.

“Ці адкрылі вы ўжо сэрцы на Хрыста? Калі так, то таксама павінны ведаць, што Ён многімі адкідваецца і высмейваецца. Таму, калі ў будаванні дома вашага жыцця вы сустрэнеце тых, якія пагарджаюць Евангеллем, не губляйце ахвоту. Наша вера ў Езуса павінна часта супрацьстаяць нявер’ю іншых, каб загартавацца і стаць нашай верай назаўсёды”, – дадаў біскуп.

2018 09 10 bialynichy 047

На заканчэнне гаміліі іерарх пажадаў усім пілігрымам, каб Прачыстая Дзева Марыя дала ім “адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, гэтую атмасферу міру і любові”.

“Няхай Марыя паспрыяе, каб гэтая атмасфера “чароўнай Божай мелодыі” напоўніла цябе, а ты, напоўнены ёю, вяртаўся і перанёс Божую любоў у сваё жыццё і жыццё нашай Беларусі”, – сказаў біскуп.

2018 09 10 bialynichy 056

Паводле Catholic.by