Вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне мелі чарговую нагоду для пілігрымкі. 9 верасня парафіяне, у тым ліку дзеці і моладзь – у цэлым 21 чалавек – наведалі парафіяльную капліцу ў Калетах у адпустовую ўрачыстасць.
У Калетах, што паблізу Аўгустоўскага канала, у 1994 г. была пабудавана капліца Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пешая пілігрымка вырушыла на чале з пробашчам кс. Антоніем Абухоўскім i манахінямі з Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі), якія служаць у парафіі. Удзельнікі пілігрымкі пераадолелі каля 15 км. Час дарогі быў напоўнены малітвай. Дзеці і моладзь маліліся аб плённым навучальным і катэхетычным годзе, дарослыя – за свае сем’і. Падчас шляху спявалі песні, а таксама дзяліліся сваёй верай у размовах.
Хоць гэта была нядоўгая пілігрымка, бо працягвалася толькі некалькі гадзін, у сэрцах удзельнікаў яна пакінула шмат добрых уражанняў, а самае важнае – радасць і супакой, а таксама ўпэўненасць, што Пан Бог заўсёды побач.
У капліцы ў Калетах пілігрымаў прывіталі мясцовыя вернікі, якіх там няшмат. Затым адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі. Падчас Эўхарыстыі маліліся за ўсіх жыхароў Калет і наваколля, просячы, каб Панна Марыя, якую яны абралі сваёй апякункай, агортвала іх мацярынскім плашчом апекі.
Супольная малітва стала нагодай для вернікаў усвядоміць, што ўсе яны ўтвараюць сям’ю Божых дзяцей і з’яўляюцца часткай Паўсюднага Касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук