Skip to main content

Трое семінарыстаў атрымалі сутаны

17Хоць яны яшчэ застаюцца толькі семінарыстамі, бо пакуль не прынялі пасвячэння, але знешне ўжо не адрозніваюцца ад святароў. На шляху да мэты фармацыі яны змянілі свой выгляд і з гэтай хвіліны будуць адназначна атаясамлівацца са святарскім пасланніцтвам Езуса.

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, трое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню апранулі духоўнае адзенне – сутаны і калараткі. Прыняццем яго яны пацвердзілі сваю волю радыкальнага імкнення за Хрыстом і абранне святарскага паклікання.

Сутаны атрымалі семінарысты Андрэй Юхнік, Віталій Гурэц і Артур Вільнеўчыц.

Урачыстую Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што духоўная вопратка, якую атрымліваюць семінарысты, – “асаблівы знак дыялогу з Хрыстом і бачны знак прыналежнасці да супольнасці вучняў Пана”.

Біскуп нагадаў, звяртаючыся да ўсіх семінарыстаў, што “святарства, да якога мы накіроўваемся, – гэта ахвяраванне свайго жыцця, а не ўтварэнне яго на свой густ”. “Здабывайце навуку шчырым, адкрытым сэцрам, здольным прызнаць і аплакваць свае слабасці, з верай, што менавіта там будзе дзейнічаць Божая міласэрнасць”, – дадаў іерарх.

Пасля благаслаўлення сутан біскупам семінарысты накіраваліся ў сакрыстыю і з дапамогай старэйшых калег апранулі сваё першае духоўнае адзенне. Традыцыйна гэтаму моманту спадарожнічаў звычай абразання гальштукаў.

19

На святой Імшы прысутнічалі бацькі, родныя і сябры семінарыстаў.

На заканчэнне ўсім сабраным на гэтай узрушаючай падзеі, асабліва бацькам семінарыстаў, якія апранулі сутаны, і біскупу, падзякаваў кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі. Звяртаючыся да семінарыстаў, святар адзначыў: “Духоўная вопратка перарастае нас усіх, і мы павінны старацца дарасці да яе”, - падкрэсліўшы такім чынам, што гэта нялёгкая мэта, але дасягальная.

Moжна сказаць, што ў гэты дзень – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – трое семінарыстаў чарговы раз падарылі Маці Божай свае сэрцы, а Яна са свайго боку “адарыла” іх духоўнай вопраткай. Таму жадаем ім заўсёды быць сведкамі Бога жывога, веры, надзеі і любові для вернікаў, і каб іх сэрцы былі напоўнены любоўю да Бога і бліжніх!

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Тамаш Мікалайчык, семінарыст