Пасля канікул навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне зноў вярнуліся ў яе сцены. Традыцыйна яны распачалі чарговы год фармацыі рэкалекцыямі, якія з’яўляюцца нагодай выказаць удзячнасць Пану Богу за новы досвед, здабыты падчас летняга адпачынку.
Рэкалекцыі на пачатку навучальнага года – бясцэнны час, які дае кожнаму семінарысту магчымасць паразважаць над тым, што з’яўляецца ў яго жыцці найкаштоўнейшым скарбам. Гэта асаблівы час ласкі, падчас якога навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі акунаецца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб з новымі духоўнымі сіламі распачаць далейшую падрыхтоўку да святарства.
Духоўным кіраўніком рэкалекцый сёлета стаў а. Віталій Сярко SP. Падчас аскетычных канферэнцый рэкалекцыяніст спрабаваў прывіць будучым душпастырам любоў да святых, запаліць у сэрцах семінарыстаў прагненне наследаваць Хрыста па прыкладу благаслаўлёных святароў.
Супольная Эўхарыстыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях, споведзь, індывідуальныя размовы з духоўным айцом – усё гэта спрыяла таму, каб семінарысты нанова задумаліся над глыбінёй сваіх адносінаў з Богам, без якіх немагчыма штодзённае жыццё сапраўднага вучня Хрыста.
Напрыканцы духоўных практыкаванняў семінарыйная супольнасць выразіла ўдзячнасць айцу-рэкалекцыяністу за той невымоўны духоўны досвед, якім ён шчодра дзяліўся, і паабяцала рэалізаваць у сваім жыцці ўсе яго каштоўныя прапановы.
Яўген Амасёнак, семінарыст