2 верасня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў маладую парафіяльную супольнасць Святога Духа ў Гродне ў мікрараёне Альшанка.
Іерарх прыбыў туды, каб на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года маліцца аб Божым благаслаўленні для дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхаваўцаў, а таксама для бацькоў, каб гэты час быў магчымасцю ўзрастання ў мудрасці і паглыблення гарызонтаў для ўсіх.
Біскуп цэлебраваў у гэтай інтэнцыі святую Імшу, на якой сабралася вялікая колькасць вернікаў. Яны не змаглі змясціцца ў капліцы, таму Імша адбывалася звонку.
На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда запрасіў усіх да малітвы, адзначыўшы, што менавіта сямейная малітва і адзінства прыносяць свае плёны. У гаміліі біскуп разважаў пра цяжксці выхавання дзяцей і важнасці духоўнага выхавання. Іерарх прапанаваў маладым бацькам: “І ў жыцці, і ў выбары далейшага шляху не давайце дзецям гатовых рашэнняў, а пастарайцеся іх выслухаць, зразумець, падтрымаць і дапамагчы разабрацца самастойна”.
Напрыканцы Эўхарыстыі маладыя сем’і падзякавалі біскупу за малітву і папрасілі ўдзяліць ім благаслаўленне і благаславіць школьныя прылады. Пасля абеду свята для парафіян працягнулася.
Можна было пазнаёміцца з прафесіяй пажарніка, патрымаць шланг з вадой і прымераць касцюм. Парафіяльная моладзь разам з сёстрамі, якія служаць у парафіі, падрыхтавалі шмат конкурсаў і танцаў, а на заканчэнне ўсіх чакаў салодкі стол ад пробашча.
Таксама ў гэтай парафіі ўжо пачаліся катэхетычныя заняткі для дзяцей і моладзі. Сёлета плануецца, што вучняў у парафіяльных класах будзе яшчэ больш. Толькі да Першай Камуніі рыхтуецца каля 400 чалавек.
JM