Skip to main content

У новы навучальны год разам з Марыяй і Езусам: дыяцэзіяльная сустрэча настаўнікаў прайшла ў Тракелях

nastauniki trakeli 725 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася 8-я сустрэча душпастырства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі.

Да чаго імкнуцца, чаго жадаюць, з прычыны чаго хвалююцца сённяшнія настаўнікі? Напэўна, кожная эпоха ставіць свае пытанні, на якія трэба адказаць, праблемы, якія неабходна вырашыць, перашкоды. Як справіцца з усім гэтым, як не разгубіцца ў тым, што як снег на галаву звальваецца на нас? Можна, канешне, шукаць розныя выхады, спосабы, але ёсць той, які ляжыць на паверхні, якім можа карыстацца кожны – шчыра, з адкрытай душой і сэрцам, напоўненым глыбокай верай, звярнуцца да Маці Божай, да Езуса Хрыста – да Тых, хто абавязкова дапаможа, падтрымае, суцешыць і ніколі не здрадзіць.

Менавіта такой падтрымкай, дапамогай перад новым навучальным годам і заручыліся настаўнікі ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай. Сустрэча з Той, якая выслухае, абнадзеіць, супакоіць – гэта бальзам на душу для кожнага, хто мае справу з выхаваннем і навучаннем маладога пакалення. Таму для многіх настаўнікаў навучальны год пачынаецца менавіта ў гэтым месцы, бо з той духоўнай падтрымкай, якую яны атрымліваюць тут, можна справіцца з любымі праблемамі, пераадолець усе цяжкасці і вырашаць звычайныя штодзённыя задачы.

nastauniki trakeli 1

Дастаткова насычаная і змястоўная праграма сустрэчы дазволіла прысутным паразважаць над усімі бакамі свайго настаўніцкага жыцця і прапусціць яго праз прызму Найвышэйшага Настаўніка – Езуса Хрыста. Пасля прывітальнага слова да ўдзельнікаў сустрэчы, якія прыехалі з розных куткоў дыяцэзіі (Гродна, Шчучына, Радуні, Ліды, Воранава, Начы), распачалася канферэнцыя “Евангелле Хрыста – крыніца выхавання і штодзённага служэння”, якую правёў душпастыр настаўнікаў кс. канонік Антоні Грэмза.

Праз свае разважанні ён засяродзіў увагу на тым, якім павінен быць настаўнік-хрысціянін, як ён можа выкарыстоўваць Хрыстову навуку, Евангелле ў штодзённым выхаванні падрастаючага пакалення. Працягам сустрэчы стала адарацыя Насвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой настаўніцкая супольнасць перад абразом Маці Божай Тракельскай дзякавала за атрыманыя ласкі, за сваю прафесію, да якой паклікаў Бог, за духоўную падтрымку, міласэрнасць, непараўнальную матчыну любоў.

Разумеючы сваю недасканаласць і чалавечую слабасць, сабраныя прасілі прабачэння за дапушчаныя грахі, за тыя сітуацыі, калі сваю мудрасць ставілі вышэй за Божую. І, канешне, выказалі свае просьбы за маладое пакаленне, асабліва за тую моладзь, якая збочыла з правільнага шляху і змяніла сапраўдныя каштоўнасці на разбэшчанасць, алкаголь, наркотыкі і іншыя спакусы.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзии Юзаф Станеўскі, з вуснаў іерарха прагучалі словы аб важнасці постаці настаўніка ў жыцці кожнага вучня, аб уменні не толькі даваць новыя веды, але найперш сваім прыкладам, сваёй паставай быць сведкам вучэння Езуса Хрыста і распаўсюджваць Яго ідэі і сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці праз выкладанне розных дысцыплін.

nastauniki trakeli 4

Разам з біскупам у атмасферы еднасці, цеплыні і ўзаемнай любові ўся настаўніцкая сям’я прадставіла акт даверу навучальнага года, вучняў, студэнтаў, педагогаў, бацькоў, кіраўнікоў навучальных устаноў пад абарону Маці Божай Тракельскай – Той, якая дапаможа несці дзецям і моладзі Хрыста, адзіную крыніцу праўды, жыцця і надзеі.

А 15-й гадзіне, прамаўляючы Вяночак да Божай Міласэрнасці, усе настаўнікі, ведаючы аб тым, якой сілай валодае гэтая малітва, прасілі міласэрнасці для сябе і вучняў, дапамагі і сілы ў навучанні і выхаванні нашай моладзі.

Надзвычай змястоўнай і цікавай стала праца ў арганізаваных чатырох групах, падчас якой настаўнікі разам з кс. Віталіем Сідоркам, кс. Юрыем Бяганскім, кс. Юрыем Барташэвічам, а. Анджэем Шчупалам CSsR разважалі і дыскутавалі над шматлікімі пытаннямі – праца настаўніка і выхавацеля як дар, як сустрэча, як дарога, як будаванне. Менавіта падчас такіх разваг, якія вельмі збліжаюць аднадумцаў, не толькі вызначаюцца кірункі дзейнасці настаўніка, але перш за ўсё шліфуецца сама асоба настаўніка, які павінен увесь час клапаціцца аб узрастанні і пашырэнні свайго кругагляду, досведу, веры.

Удзельнікі сустрэчы бясконца ўдзячныя Богу за тое, што даў магчымасць сярод безлічы штодзённых абавязкаў і клопатаў правільна расставіць прыярытэты і знайсці час на сустрэчу з Езусам Хрыстом і Маці Божай, Тымі, хто з’яўляецца сапраўдным гарантам у выкананні і рэалізацыі задач, якія стаяць перад настаўнікам.

Яны дзякуюць кс. Антонію Грэмзу, душпастыру настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў, за арганізацыю сустрэчы, за праведзеную канферэнцыю, за айцоўскія клопаты, дабрыню і сардэчнасць. Асаблівая падзяка біскупу Юзафу Станеўскаму, які заўсёды падтрымлівае настаўніцкую супольнасць не толькі трапным словам, шчырай малітвай, але найперш прыкладам сапраўднай веры, сціпласці, дабрыні.

Вельмі кранула ўдзельнікаў гасціннасць і адкрытасць кусташа санктуарыя кс. Юрыя Бяганскага, які толькі распачаў сваё пастырскае служэнне ў гэтым месцы. Яны выказваюць вялікую падзяку яму і парафіянам за смачны “тракельскі абед”, старанна прыгатаваны мясцовымі гаспадынямі.

Маці Божай Тракельскай настаўнікі дзякуюць за тое, што Яна прыняла іх, выслухала, дала зарад упэўненасці, мудрасці, разважлівасці, якія так неабходныя ў іх настаўніцкай працы – складанай, клопатнай, але такой важнай і неабходнай, бо выхаванне маладога пакалення на хрысціянскіх каштоўнасцях – гэта гарант будучыні чалавецтва.

Алена Садоўская