19 жніўня з самай раніцы ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі) удзельнікі ХХVI экуменічнай пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільня сабраліся на святой Імшы перад выхадам у далейшы шлях.
Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх агарнуў сваімі малітвамі ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі з Польшчы, а таксама амаль 100 вернікаў з Беларусі, якія ў гэты дзень далучыліся да іх. Біскуп маліўся і за ўсіх жыхароў Гродна, якія, кіруючыся старой прымаўкай “Госць у дом – Бог у дом”, адчынілі дзверы сваіх дамоў, каб прыняць пілігрымаў.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на літургіі слова гэтага дня. Іерарх адзначыў, што ў гэты час, калі хлебаробы клапоцяцца аб ураджаі хлеба на нашых палях, Касцёл таксама кажа пра хлеб, але не толькі зямны, звычайны, але і хлеб Божы, эўхарыстычны.
Па словах біскупа, клопат аб штодзённым хлебе вельмі важны, але гэта не адзіны клопат нашага жыцця, бо “не хлебам адным жыве чалавек” (Mц 4, 4).
Іерарх дадаў, што, як штодзённы хлеб патрэбны, каб падтрымліваць у людзях біялагічнае жыццё, так Хрыстовы пасілак патрэбны, каб падтрымліваць у іх Божае жыццё, духоўнае жыццё, якое працягнецца ва ўсёй вечнасці.
“Калі мы прымаем эўхарыстычны хлеб, Хрыстус Пан перамяняе нас у сябе. Мы становімся моцныя Богам”, – сказаў біскуп. Па словах іерарха, гэтая пілігрымка да Вострай Брамы, якая адбываецца ўжо ў 26-ы раз, – “паход у школу Марыі, каб атрымаць там упэўненасць і ўмацавацца ў веры”. Біскуп пажадаў, каб усе ўдзельнікі гэтай пілігрымкі маглі дайсці да трона Міласэрнай Маці, каб зірнуць у Яе матчыны вочы, поўныя клопату пра кожнага чалавека.
На заканчэнне Імшы кіраўнік пілігрымкі кс. Лукаш Жук падзякаваў усім жыхарам Гродна за аказаную гасціннасць і тое, што дзеляцца тым, што маюць.
Пасля пілігрымка вырушыла ў далейшы шлях у напрамку Вільні. Па дарозе яна спыніцца на начлег у Азёрах, Новым Двары і Радуні, а затым увойдзе на тэрыторыю Літвы.
Kс. Юрый Марціновіч