Skip to main content

Сястра салезіянка Юлія Клявец са Смаргоні склала першыя манаскія абяцанні

sdb siastra12 жніўня ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прывіталі і павіншавалі с. Юлію Клявец FMA, якая 6 жніўня ў Рыме склала свае першыя манаскія абяцанні ў Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Узначаліў святую Імшу пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, які на пачатку літургіі прывітаў маладую сястру салезіянку ў роднай парафіі, а таксама прывітаў яе бацькоў, сваякоў і сяброў.

Ксёндз Алег падзякаваў Богу за дар паклікання с. Юліі і заахвоціў маліцца аб далейшым развіцці і ўмацаванні гэтага шляху да Бога. У гаміліі святар выказаў думку, што для пакліканых да манаскага жыцця асабліва важна чэрпаць сілы ад Езуса і спажываць “хлеб жывы, які сышоў з неба”. Пробашч адзначыў, што толькі так можна заставацца верным свайму пакліканню і знаходзіць сілы для служэння Богу і бліжняму.

Напрыканцы Імшы сястру павіншавалі салезіянкі, удзельнікі “Савіо-клуба”, салезіяне-супрацоўнікі і моладзь. Пасля благаслаўлення прысутныя былі запрошаны ў араторый на салодкі пачастунак. Салезіянская сям’я, родныя і сябры с. Юліі працягнулі святкаванне на прыродзе, дзе маглі падзяліцца адно з адным радасцю, пагутарыць і пагуляць.

Паводле sdb.by