Skip to main content

Адбылася пешая пілігрымка Гродна-Рось

grodna ros pil 463-5 жніўня адбылася XVII пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам “Жыць Евангеллем”.

У пілігрымцы прынялі ўдзел пераважна вернікі з Гродзенскай дыяцэзіі, у асноўным маладыя людзі. Аднак ёсць і вельмі паказальная група старэйшых людзей, якія ў сваім жыцці спазналі працу пілігрымавання і ўжо традыцыйна кожны год выходзяць у дарогу і заахвочваюць да пілігрымавання іншых.

Прынялі ўдзел у пілігрымцы і прадстаўнікі іншых дыяцэзій Беларусі, а таксама па некалькі чалавек з Польшчы і Літвы. Сапраўды ўражвае, што людзі едуць часам нават сотні кіламетраў, каб прайсці гэты нялёгкі шлях, каб ачуць клімат, які гадамі ствараўся ў гэтай пілігрымцы.

Першы дзень пілігрымавання быў вельмі складаны. Удзельнікі пераадолелі амаль 50 км. Нягледзячы на тое, што паліла сонца і час ад часу ішоў цёплы дождж, усе пілігрымы дайшлі на начлег у Вялікія Эйсманты. Там іх прывіталі і прынялі гасцінныя парафіяне, адкрыўшы ім свае сэрцы і падзяліўшыся цеплынёй.

Другі дзень быў ужо менш складаным. Па дарозе абедам пілігрымаў пачаставалі парафіяне з Рэплі. Пасля ўсе радасна ўвайшлі ў санктуарый. З вялікай узрушанасцю яны ішлі да Езуса, які пранізвае сваімі вачыма кожнага чалавека. Гэты позірк заахвочвае, каб кожны даручыў Яму свае штодзённыя правы і турботы, наблізіўся да Яго ўсім сэрцам.

Пілігрымаванне набліжае і да Бога, і да іншага чалавека. Менавіта тут людзі вучацца многім рэчам. Тут можна навучыцца таму, на што ў штодзённым жыцці часта не хапае часу. У пілігрымцы вернікі могуць навучыцца між іншым і ветлівасці адзін да аднаго, і даверу Богу. Могуць навучыцца жыць Евангеллем, да чаго заклікаў у канферэнцыях духоўны кіраўнік пілігрымкі кс. Ян Раманоўскі.

grodna ros pil 75

Ксёндз Юрый Марціновіч, кіраўнік пілігрымкі, адзначае, што з кожным годам яна разрастаецца, у ёй удзельнічаюць людзі, якія рашаюцца на вялікую ахвяру. “Наша пілігрымка адметная тым, што ў першы дзень мы пераадольваем шмат кіламетраў. Але вельмі дзіўна, што людзей гэта не палохае. З вялікай адвагай яны ідуць разам з намі! Я перакананы, што гэта Езус Журботны дадае ім сіл, каб ісці наперад”, – кажа святар.

Сапраўды, трэба гэта перажыць! Ніколі не зразумее мэты пілігрымкі той чалавек, які ніколі не прымаў у ёй удзел. Трэба толькі адважыцца і пайсці! Патрэбна асаблівая адвага, каб рашыцца на ўдзел у пешай пілігрымцы Гродна-Рось, аб якой вельмі часта кажуць, што гэта найцяжэйшае паломніцтва ў нашай краіне. А калі ўважліва прыслухацца да меркаванняў іншых пра гэтую пілігрымку, то можна пачуць, што гэта адна з такіх, дзе пануе цудоўная атмасфера, і што гэта адна з найлепшых.

У гэтым годзе менавіта тут мы вучыліся жыць Евангеллем, бо без Божага слова ніколі не будзеш добрым хрысціянінам і чалавекам!

Ганна Глябовіч

Фота Максіма Хаванскага