З 15-21 ліпеня прайшлі рэкалекцыі для моладзі з лідскай парафіі Святой Сям'і. Гэтым разам духоўныя практыкаванні праводзіліся ў кляштары айцоў піяраў у Шчучыне.
Для лідскіх хлопцаў і дзяўчат гэты час, праведзены разам, стаў пераключэннем розуму з зямных рэчаў і засяроджваннем яго на Богу, рэчах духоўных. Гэта быў перыяд цеснага ўзаемадзеяння з Богам, час малітвы, праслаўлення, душэўнага і фізічнага адпачынку.
Кожны ўдзельнік уклаў у гэтыя рэкалекцыі частку сябе – асабліва галоўныя арганізатары кс. Павел Скуба і с. Хэлена Плахімовіч. Штодзённа яны дапамагалі маладым вернікам не толькі фізічна, але і духоўна, рабілі ўсё для таго, каб моладзь магла адкрыцца на Святога Духа , вучылі ўсяму таму, што вядзе да радасці і дабра.
Неад'емнай часткай кожнага дня была святая Імша, дзе ўсе маглі прыняць Жывога Бога. Хлопцы і дзяўчаты таксама збіраліся на ружанцовай малітве, канферэнцыях, адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант і адгаворвалі Вяночaк да Божай Міласэрнасці.
Кс. Юрый Марціновіч