Паломніцтва з Гродна ў Навагрудак вырушыла нядзельнай раніцай 22 ліпеня. Пілігрымы з просьбамі і падзякамі на працягу тыдня будуць крочыць да месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных с. Стэлы і яе 10 паплечніц. Сёлета прыпадае 75-я гадавіна расстрэлу сясцёр назарэтанак, таму на юбілейныя ўрачыстасці паломнікі ідуць духоўна “ўзмоцненым” складам: вернікаў суправаджаюць 4 святара, 8 манахінь і 4 клерыкі.
Перад выхадам пілігрымы сабраліся на св. Імшы ў пабрыгіцкім касцёле, каб даверыць будучую дарогу Нябеснаму Айцу. Падчас службы да вернікаў звярнуўся шматгадовы духоўны кіраўнік паломніцтва кс. Віталь Сідорка. Святар заклікаў кожнага адысці ад павярхоўнай інтэрпрэтацыі Касцёла як інстытуцыі і паспрабаваць усвядоміць, чым ён сапраўды з’яўляецца: “Гэтым разам падчас шляху мы не будзем гаварыць пра Касцёл. Мы пастараемся адчуць саміх сябе Касцёлам – аўтэнтычнай супольнасцю Бога з чалавекам”.
Кс. Віталь таксама пажадаў спазнаць сапраўдны Божы адпачынак у часе паломніцтва: “Няхай гэта будзе перыяд поўнага з’яднання з Госпадам. Калі вы зможаце адчуць Яго ў сваім сэрцы, ніякая фізічная стомленасць, ніякія перашкоды не змогуць парушыць ваш спакой".
Пілігрымка стартавала пад дэвізам "Вось воля Твая" ў колькасці 65 чалавек. Старэйшаму паломніку - 60 гадоў, самы малодшы не мае нават года.
Сёлета вернікі ў IX раз накіроўваюцца ў Батароўскі лес каля Навагрудка, каб ушанаваць крывавую ахвяру сясцёр-мучаніц і прасіць у іх заступніцтва для сваіх сямей.
***
Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек (пераважна айцоў сямей), арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на працы ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторыя вызвалены). Усе вывезеныя перажылі вайну.
Манахіні былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.
Ангеліна Марцішэўская