14 ліпеня адбыліся ўрачыстасці на месцы спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска. У Навумавічах каля Гродна, у лесе, які з’яўляецца нямым сведкам трагічных падзей, сабралося шмат вернікаў.
Некаторыя прыйшлі ў пешай пілігрымцы з Гродна, іншыя прыехалі. Ужо традыцыйна ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел дэлегацыя з радзімы благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, у ліку якой былі бурмістр Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы) Лех Лэмпіцкі разам з прадстаўнікамі гарадской рады, праўнукi благаслаўлёнай Станіслаў Бэтко i Гражына Сэрафін, члены сем’яў забітых і скаўты.
Наша зямля – вялікая рэліквія
Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі – каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду і агню, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар, які ён мае, – жыццё.
Сёлета прыпала 75-я гадавіна мучаніцкай смерці жыхароў Гродна і Ліпска, якія былі забіты ў Навумавічах. Сярод іх Мар’яна Бярнацкая, якая рашылася аддаць жыццё за сваю нявестку і яе ненароджанае дзіця. Яна была беатыфікавана 13 чэрвеня 1999 г. Папам Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны.
У лесе, які быў сведкам драматычных падзей таго часу, святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Імшы іерарх адзначыў, што патрэбна вялікая малітва аб міры ў свеце.
Па словах іерарха, наша зямля – адна “вялікая рэліквія”, бо падчас Другой сусветнай вайны яна была акроплена крывёю многіх мучанікаў, якія сваім прыкладам заахвочваюць сучасных людзей адважна ісці праз жыццё.
Біскуп падкрэсліў, што дзякуючы гэтым людзям, якія за праўду аддавалі жыццё, захавалася вера ў нашым грамадстве і сёння мы можам ганарыцца тым, што мы хрысціяне.
Наша “сёння” – выспяванне да неба
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, нагадаў прысутным пра постаць благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, паказваючы яе як адважную жанчыну і маці.
Па словах святара, благаслаўлёная кажа нам, што штодзённасць, звычайнае, простае жыццё, можа стаць шляхам узрастання ў святасці і што можна любіць і быць шчаслівым, прымаючы свой маленькі свет, свае абмежаваныя магчымасці, дні, напоўненыя працай.
“Яна сёння як быццам кажа нам, што кожная хвіліна прызначана, каб любіць Бога і бліжняга. Няма прывілеяваных месцаў, у якіх любові было б лягчэй выявіцца”, – дадаў кс. Юрый Марціновіч.
Святар звярнуў увагу, што пакліканне чалавека можа расквітнець там, дзе Бог падрыхтаваў для гэтага глебу: “Таму наша “сёння” вельмі важнае, бо гэта шлях да вечнасці. Гэта наша выспяванне да неба. Гэта шанс набліжэння да Бога або аддалення ад Яго. Бо нас не збаўляе “заўтра” – нас збаўляе “сёння””.
Добра выкарыстаць “тут” і “цяпер”
Пасля Імшы члены дэлегацыі, якая прыбыла з Польшчы, склалі вянкі перад крыжам, усталяваным у памяць трагічных падзей 75-гадовай даўніны. Да ўсіх прысутных звярнуўся бурмістр Ліпска Лех Лэмпіцкі, які ўжо чацвёрты раз запар бярэ ўдзел у гэтых урачыстасцях.
Бурмістр адзначыў, што з гэтых урачыстасцяў заўсёды вяртаецца ўмацаваным у веры, а таксама поўным здзіўлення ад рэлігійнасці тых, хто жыве над Нёманам. “Тут душа радуецца, у маіх вачах стаяць слёзы, калі бачу столькі вернікаў на зямлі, асвечанай крывёю гродзенцаў і нашых ліпчан”, – сказаў Лех Лэмпіцкі.
Пасля заканчэння ўрачыстасцяў многія яшчэ трывалі ў цішыні на малітве, дзякуючы ўсім сведкам веры за іх вялікую адвагу, за тое, што здолелі дасканала выкарыстаць сваё “тут” і “цяпер”.
Яны дзякавалі бл. Мар’яне за яе простае і сціплае жыццё, якое прайшло ў ценю Хрыстовага крыжа. Усведамляючы, што гэтая зямля, благаслаўлёная зямля, акропленая мучаніцкай крывёю, заклікае сёння да іх святасці і яснага сведчання веры.
JM