6 ліпеня вернікі з лідскай парафіі Унебаўзяцця НПМ адправіліся ў чарговую пешую пілігрымку да Маці Божай Тракельскай. Сёлета ў санктуарый крочыла амаль 90 чалавек. Шлях да Марыі з вернікамі раздзяліў пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP.
Кожны крочыў з уласнай інтэнцыяй. Усе ішлі як адна сям’я, з усмешкамі на тварах і адкрытымі для Бога сэрцамі. Быў час падумаць аб тым, што больш за ўсе хвалюе. У дарозе маліліся, спявалі, разважалі на тэму споведзі - узгадвалі галоўныя ўмовы шчырага пакаяння. Паломнікі дзякуюць а. Андрэю за яго падбадзёрванне і пазітыў, якія дапамагалі ім не звяртаць увагу на лёгкую стомленасць.
На сярэдзіне шляху пілігрымаў прывітаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Ён прапанаваў, каб на кожным кіламетры паломнікі мелі новую інтэнцыю. ”Такім чынам атрымаецца, што да Марыі прыйдзе не 90, а значна больш чалавек”, - адзначыў іерарх. У сваю чаргу каля знаку “Тракелі” пілігрымаў прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Аднак галоўная сустрэча чакала вернікаў у санктуарыі.
“Прывітанне, Мама! Мы прыйшлі да Цябе такія, якія ёсць: мокрыя, брудныя, стомленыя, але шчаслівыя. Так много хацелася сказаць, шмат за што падзякаваць, папрасіць прабачэння, звярнуцца с просьбай аб чымсьці вельмі важным”, - звярнуліся пілігрымы да Маці Божай.
Пазней адбылася канферэнцыя на тэму “Жыццё Марыі паводле Евангелля прыкладам нашага жыцця”, на якой вернікі разважалі аб тым, што значыць “жыць у Евангеллі”. Пасля чакала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе была магчымасць у цішыні адкрыцца для прабачэння, пазбавіцца моцнага болю, які спазналі ад блізкіх, і які перашкаджае пусціць у сэрцы Бога.
Апоўначы адбылася Марыйная працэсія і св. Імша. Пасля службы вернікаў чакаў выступ семінарыйнага музычнага гурта “AVE” с песнямі праслаўлення.
Раніцай адбылася канцэлебраваная св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. Святары новапрэзбітары напрыканцы благаславілі кожнага прысутнага.
У сувязі з адзначэннем Года Моладзі ў Касцёле на Беларусі, пілігрымы паслухалі сведчанні юнакоў і дзяўчат. На завяршэнне ўрачыстасці адбылася адпустовая канцэлебраваная св. Імша, якую узначаліў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка.
Здаецца, 20 км – гэта няшмат, але кожны з паломнікаў знайшоў час і ахвяраваў яго для Госпада, для Нябеснай Маці. І недарма. Пілігрымы вярнуліся адноўленыя целам і душой, поўныя сіл і натхнення на новыя здзяйсненні, поўныя любові да Бога і бліжняга.
Тэкст: Кацярына Латарэвіч
Фота: Сяргей Звонік