Skip to main content

Імша ў Тракелях апоўначы: будуйце сваё жыццё на Богу!

past lid1Апоўначы Імшу пастэрку ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем'яў у Тракелях узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй са свечкамі праз мястэчка Тракелі.

На Імшы сабралася шмат вернікаў, якія прыбылі пакланіцца Божай Маці і прадставіць Ёй свае просьбы.

У Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Вітаючы сабраных, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што тракельскі санктуарый – асаблівае месца, дзе кожны стомлены пілігрым можа адчуваць сябе ў бяспецы. “Кожны чалавек, які змучаны жыццём і крыжам, у гэтым месцы можа адчуць моц Божай ласкі, якая сыходзіць на нас праз рукі Марыі, Каралевы нашых сем’яў”, – дадаў іерарх.

Біскуп нагадаў, што сёлетняя сустрэча з Маці Божай праходзіць пад дэвізам “Жыць Евангеллем, як Марыя”, таму ў гэты час і ў гэтым месцы ўсе збіраюцца як дыяцэзіяльная сям’я, каб вучыцца ў Марыі правільным крокам праз жыццё. “Тут, у Тракелях, мы можам нанова ўсвядоміць, што мы вучні ў школе Марыі, якая вучыць нас, як павінны выбіраць дабро і адкідваць зло, адрозніваць праўду ад фальшу”, – сказаў іерарх.

Гродзенскі ардынарый заахвоціў прысутных “даверыць Марыі ўсё, што носім у сваіх сэрцах: нашыя радасці і смуткі, поспехі і няўдачы, клопаты і непакой”.

past lid2У гаміліі біскуп Казімір Велікаселец падкрэсліў важнасць Бібліі ў жыцці кожнага чалавека. Іерарх адзначыў, што на ёй засноўваецца вера і дзякуючы Святому Пісанню мы даведваемся пра жыццё і дзейнасць Езуса Хрыста, а таксама пра тое, што будзе, калі настане “паўната часу”.

Біскуп падкрэсліў таксама ролю Марыі ў жыцці чалавека. “Маці Божая пад крыжам у запавеце ад Езуса атрымала ўсё чалавецтва. Ужо там Яна ўзяла пад сваю мацярынскую апеку кожнага з нас”, – дадаў іерарх.

Па словах біскупа, Марыя жадае, каб кожны чалавек быў напоўнены Божай мудрасцю і меў чыстае сэрца. “Дарагія браты і сёстры! Будуйце сваё жыццё толькі на Богу. Памятайце, чым заканчваецца наша зямное жыццё і што чакае нас пасля смерці”, – заклікаў іерарх.

Удзельнікі літургіі маліліся ў інтэнцыі І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама за моладзь – надзею і будучыню Касцёла і народа. Маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, каб у кожным месцы мог валадарыць Езус Хрыстус.

Няхай гэтая сустрэча з Хрыстом у доме Маці прынясе плён паглыблення веры і любові, няхай асвеціць і ўмацуе ў ласцы сем’і нашай Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй краіны!

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая