28 чэрвеня ў Карэлічах у свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі, галоўнай Заступніцы парафіі, адзначалася 25-годдзе служэння ў Беларусі Ордэна святога Паўла – Першага Пустэльніка (паўлінаў).
Першыя на тэрыторыі Беларусі айцы паўліны непрацяглы час служылі пры гродзенскай катэдры, а таксама ў парафіях у Ваўкавыску і Новым Двары. На працягу 25 гадоў айцы нясуць служэнне ў парафіях Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Св. Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат). Тут сёння служаць тры манахі: а. Леанард Адушкевіч, а. Ануфрый Альховік і а. Юрый Саковіч.
На ўрачыстай Імшы, падчас якой дзякавалі Богу за служэнне паўлінаў, якія звязаны з “Чорнай Мадоннай” з Чэнстаховы (Польшча), сабраліся шматлікія госці – духоўныя і свецкія асобы, а таксама сябры парафіі і самі парафіяне. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У час літургіі дзякавалі за служэнне ў Беларусі першых паўлінаў: спачылага а. Марка Смея, спачылага а. Януша Вітоўскага і а. Войцеха Вішнеўскага.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўжо з першых стагоддзяў хрысціянства вызнаўцы Хрыста асаблівай пашанай і сыноўскай апекай атачаюць асобу Марыі, Маці Сына Божага. Сведчаннем гэтай незвычайнай любові вернага люду з’яўляюцца незлічоныя касцёлы і капліцы, прысвечаныя Ёй, шматлікія санктуарыі ў розных кутках свету, куды ідуць мільёны пілігрымаў, прыгожыя малітвы, песні, літаніі і навэнны, якія выражаюць марыйную пабожнасць, абразы і фігуры, а таксама тытулы, пад якімі хрысціяне ўшаноўваюць Маці Збаўцы.
Кажучы пра адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі, біскуп звярнуў увагу, што “дапамога, якую аказвае нам Марыя, не з’яўляецца спаўненнем усіх нашых жаданняў”, а што гэта “дапамога, якая нам патрэбна на шляху да збаўлення”.
Па словах іерарха, Марыя, як наша Нябесная Маці, клапоціцца найперш аб збаўленні ўсіх людзей. “Не ўсё, аб чым просім Марыю, нам сапраўды патрэбна. Не ўсё служыць справе нашага збаўлення”, – патлумачыў біскуп, падкрэсліўшы, што Маці Божая просіць для нас найперш тыя ласкі, якія неабходныя для збаўлення, і выкарыстоўвае ўсе сродкі і нагоды, каб мы дасягнулі вечнага жыцця.
“Будзем жа давяраць і адчуваць сябе ў бяспецы. Марыя, Маці Нястомнай Дапамогі, ніколі нас не пакіне без сваёй апекі”, – дадаў біскуп.
Іерарх падзякаваў айцам паўлінам за адданае служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне і за штодзённую працу вядзення вернікаў да Бога, а таксама за пашырэнне культу Маці Божай на нашых землях.
На заканчэнне пробашч парафіі ў Карэлічах і Варончы і настаяцель манаскай супольнасці а. Юрый Саковіч падзякаваў усім за супольнае вяткаванне і заклікаў да далейшай малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. Святар падзякаваў таксама біскупу за тое, што ўзначаліў гэтыя юбілейныя ўрачыстасці, і за падтрымку штодзённай дзейнасці паўлінаў.
Даведка:
Ордэн святога Паўла – Першага Пустэльніка (паўлінаў) быў заснаваны ў Венгрыі бл. Еўзэбіем з Астрыхома. Назва супольнасці паходзіць ад імені св. Паўла з Тэб, першага пустэльніка, прызнанага Каталіцкім Касцёлам.
13 снежня 1308 г. кардынал Гентыліс дэ Монтэ-Флорыда, легат Папы Клімента V, надаў ордэну ад імені Апостальскай Сталіцы рэгулу св. Аўгустына, а праз год зацвердзіў першыя манаскія канстытуцыі.
Мэтай ордэна з’яўляецца сузіранне, малітва, пакаянне, распаўсюджванне культу Маці Божай і здзяйненне сакрамэнту пакаяння і паяднання. Заклік ордэна – “Solus cum Deo solo” (“сам-насам з Богам”).
Паўліны вядуць душпастырскую дзейнасць у Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, многіх краінах Еўропы: Венгрыі, Польшчы, Харватыі, Украіне, Латвіі, Славакіі, Чэхіі, Германіі, Францыі, Англіі, Іспаніі, Румыніі. З 1993 года яны служаць таксама ў Беларусі.
Kс. Юрый Марціновіч