Skip to main content

Дзённік удзельніка IV пілігрымкі Ліда – Будслаў: 28 чэрвеня

lida bd czajko  3Сёння, як ніколі, было цяжка прачнуцца: пасля 31 км у пяты дзень нас чакалі 37 км шляху ў шосты. І гэта самы вялікі кавалак шляху, таму святая Імша была а 7-й раніцы.

Хрыстус – фундамент нашага жыцця

Ксёндз Ян Раманоўскі паставіў перад кожным пытанне: “Ці заўсёды я памятаю, што трэба будаваць дом на трывалым фундаменце?” У хрысціяніна такім фундаментам з'яўляецца Хрыстус. Шчасце і радасць мы можам атрымаць толькі з Ім.

Нягледзячы на тое, што а 8-й раніцы людзі ўжо спяшаюцца на працу, горад Маладзечна мы адназначна разбудзілі! Так гучна спяваць і танцаваць знайшоў сілы кожны, хоць сонейка прыпякала з самае раніцы.

У такую гарачыню нас ратуюць аблокі і халодная вада, якую нам увесь час падвозяць.

Перад абедам мы разважалі з кс. Янам Раманоўскім пра крызіс веры, даведаліся пра тры яго тыпы і задалі сабе пытанне: ці не злуемся мы на Бога, калі ў нашым жыцці здараюцца непрыемнасці? І адразу прыгадаліся моманты, калі я не была ўпэўнена, што Бог сапраўды побач са мной, і калі не разумела, чаму менавіта я павінна цярпець нейкія цяжкасці.

На абед у нас былі неверагодна смачныя варэнікі, якія ад самае раніцы нам ляпілі нашыя “мамы”. І, добра падсілкаваўшыся, я не адчувала, што прайшла ўжо 21 км.

Мець час для бліжніх

Калі да апошняга прывалу з “зачараваным дрэвам” (да яго ідзеш, а яно ўсё далей і далей) засталося 300 метраў, парвалася струна ў гітары і “села” туба, таму на астатнім кавалку дарогі ў нас быў час для брата і сястры: усе ішлі, размаўляючы адно з адным, разам спявалі і танцавалі.

Сёння, на жаль, мы вельмі часта не маем часу для нашых бліжніх… Усё кудысьці бяжым, нам не хапае некалькіх хвілін, каб затрымацца побач з іншым чалавекам.

Менавіта сёння, калі перад намі быў найвялікшы кавалак шляху, нам ішлося вельмі лёгка, а сямейная атмасфера спрыяла духоўнаму адпачынку.

Стомленыя, але радасныя, мы прыйшлі ў Любань, дзе мясцовыя вернікі парафіі Божай Міласэрнасці сустракалі нас з хлебам і соллю. Большасць пілігрымаў будзе начаваць у школе. Тыя, у каго яшчэ засталіся сілы і амаль няма мазалёў, танцуюць перад школай, некаторыя назіраюць, некаторыя сядзяць у чарзе да доктара, а астатнія адпачываюць па хатах.

Сачыць за пілігрымкай заахвочваю на нашай старонцы ў Інстаграме, куды можна дасылаць свае інтэнцыі, якія мы нясём да нашай Маці.

З падзякай Пану Богу за сённяшні дзень і за магчымасць ісці ў пілігрымцы кладуся спаць. Засталося 70 км і тры дні.

Яна Чайко

Фота: Марыя Чарняк