Пілігрымы ў Будславе змогуць наведаць асобны павільён "Карытас", прыняць удзел у інстаграм-акцыі, пабачыць сацыяльныя ролікі і атрымаць прызы ў дабрачыннай гульні.
Пра тое, як дабрачыннае каталіцкае таварыства "Карытас" рыхтуецца да фэсту ў Будславе, расказвае намесніца дырэктара нацыянальнага "Карытас" Вераніка Шэнда.
— Што новага мы ўбачым ад нацыянальнага "Карытас" у Будславе ў гэтым годзе?
— Сёлета мы плануем правесці маштабную акцыю пад назвай "Далучайся да #Caritas". Мы хочам расказаць пра значнасць валанцёрскага руху, прыцягнуць увагу людзей да сацыяльных праблем Беларусі, заклікаючы да ўзаемнай дапамогі і міласэрнасці.
Акцыя дазволіць распавесці пра дзейнасць "Карытас", сфарміраваўшы больш дакладнае ўяўленне пра дабрачынныя праекты, якія мы рэалізуем. Мы пастараемся растлумачыць розніцу ў працы паміж нацыянальнай, парафіяльнымі і дыяцэзіяльнымі арганізацыямі "Карытас", каб тыя, хто ўжо з намі, не блыталіся і маглі дакладна разумець, куды ісці і да каго звяртацца.
Акрамя таго, "Карытас" арганізуе тры зоны актыўнасці. У адным пункце будзе арганізаваная выстава, якая раскажа пра дзейнасць "Карытас" па ўсёй Беларусі, пра асаблівасці яго арганізацыйнай структуры і функцыі.
На экране побач з выставай будуць транслявацца сацыяльныя відэаролікі. Мы знялі інтэрв’ю з медыйнымі і вядомымі сярод хрысціян асобамі, якія дзеляцца сваім вопытам супрацоўніцтва, валанцёрства ці знаёмства з "Карытас".
Паколькі большасць пешых пілігрымаў — гэта маладыя людзі, то мы хочам узаемадзейнічаць з імі на іх мове. У другім пункце будзе арганізаваная інстаграм-акцыя з хэштэгам #BudzCaritas. Гэты хэштэг аб’яднае ініцыятыўных людзей, адкрытых для дабрачыннасці з "Карытас": "Будслаў+Карытас=будзь з Карытас".
Калі акцыя набярэ вялікую колькасць удзельнікаў, мы разыграем сярод іх прызы.
Трэці пункт — наш павільён, які разам з іншымі дыяцэзіяльнымі "Карытас" мы плануем размясціць насупраць галоўнага алтара ў парку. Завітаўшы да нас, кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у сацыяльным апытанні, пакінуць заяўку і далучыцца да валанцёрскай дзейнасці ў "Карытас".
— Магчыма, у павільёне "Карытас" можна будзе штосьці набыць за ахвяраванні. Калі так, то куды плануецца накіраваць сродкі?
- Так, у нашым намёце за ахвяраванні можна будзе набыць прома-сувернірную прадукцыю. Мы прадставім прадукцыю з майстэрняў для людзей з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця, якую звычайна прывозяць нашыя дыяцэзіяльныя арганізацыі.
Як нацыянальная арганізацыя "Карытас" мы будзем прапаноўваць майкі і экасумкі з рознымі прынтамі, якія спецыяльна для нас намалявалі нашы валанцёры. Таксама будуць тэматычныя паштоўкі, календары і г.д.
Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку працы майстэрняў для людзей з інваліднасцю, цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі "Карытас" у Беларусі. Частку сабраных сродкаў мы плануем накіраваць на развіццё парафіяльных "Карытас" у гарадах і вёсках па ўсёй Беларусі.
— Якім бачыць сябе "Карытас" праз пяць гадоў? Да чаго імкнецца і чаго хоча дасягнуць?
— Планаў і жаданняў вельмі шмат, але найбольш хацелася б, каб праз пяць гадоў слова "Карытас" не выклікала ў людзей неразуменне і разгубленасць.
Мы хацелі б атрымаць большую падтрымку і стаць больш вядомай каталіцкай арганізацыяй не толькі сярод святароў, але і сярод свецкіх асобаў.
У беларускім грамадстве да гэтага часу існуе стэрэатып, что касцёлы — гэта закрытае месца, прызначанае толькі для малітвы, куды "звычайным" людзям нельга прыходзіць.
Касцёл жа, асабліва ў невялікіх вёсках, часта з’яўляецца адзіным адкрытым месцам, куды людзі прыходзяць рэгулярна, абменьваюцца інфармацыяй, даведваюцца пра важныя падзеі, атрымліваюць падтрымку і дапамогу і, наогул, гавораць пра жыццё сваёй мясцовасці.
У многіх рэгіёнах Беларусі касцёл з’яўляецца цэнтрам развіцця, "сэрцам" гэтага мястэчка не толькі для католікаў, але і ўсіх ахвотных, незалежна ад іх веравызнання, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці.
Менавіта гэты пасыл мы хацелі б несці праз сваю дзейнасць у бліжэйшыя гады, дапамагаючы людзям, скарачаючы беднасць і сацыяльную ізаляцыю ў Беларусі.
— Колькі чалавек працуе сёння ў камандзе "Карытас"? Як можна далучыцца да вас тым, хто хацеў бы быць карысным?
— Структура нашай арганізацыі паўтарае структуру Касцёла: асобныя арганізацыі прывязаныя да каталіцкіх дыяцэзій і парафій.
Напрыклад, "Карытас" у Беларусі складаецца з адной нацыянальнай арганізацыі (офіс знаходзіцца ў Мінску), 4 дыяцэзіяльных арганізацый з цэнтрамі ў Мінску, Гродне, Віцебску і в. Чарнаўчыцы Брэсцкай вобласці. Парафіяльныя арганізацыі працуюць у 486 парафіях па ўсёй краіне. Наш штат у цэлым — гэта дзясяткі супрацоўнікаў і валанцёраў.Валанцёрам у "Карытас" можа быць кожны, хто хоча дапамагаць іншым, хоча праявіць сябе і зрабіць штосьці добрае.
Мы не звяртаем увагі на яго рэлігійную, палітычную, нацыянальную ці расавую прыналежнасць.
Нам можна напісаць у сацыяльных сетках (імя Caritas Belarus) або праз кантакты на сайце www.caritas.by. Мы адказваем тым, хто хоча да нас далучыцца, задаючы больш канкрэтныя пытанні: што чалавек хацеў бы рабіць, колькі вольнага часу ён мае на валанцёрства і г.д.
Але большасць людзей звычайна хочуць дапамагаць адрасна, г.зн. наўпрост людзям у патрэбе. Напрыклад, наведваць дзяцей у інтэрнатах ці дапамагаць бяздомным.У такім выпадку мы перадаём кантакт гэтага чалавека нашым дыяцэзіяльным арганізацыям, якія далей узгадняюць мэты і жаданні валанцёра і, адпаведна, прапаноўваюць варыянты супрацоўніцтва.
Канешне, нашай дзейнасці можна дапамагчы і фінансава. У нас падключаная паслуга збору ахвяраванняў праз адзіную разліковую сістэму (ЕРИП), дабрачынную тэлефонную лінію і смс-ахвяраванні. Пералічыць сродкі можна і наўпрост на разліковы рахунак "Карытас". Усе даныя ёсць у нас на сайце www.caritas.by.
Мы вельмі ўдзячныя ўсім людзям, якія ўжо дапамагаюць нам і нашай дзейнасці. Дзякуй за вашу малітву і падтрымку.
Паводле Catholic.by