3 чэрвеня ў касцёле св. Юзафа Каласанса ў Лідзе (Індустрыяльны) адбылася супольная сустрэча каталіцкіх педагогаў з Ліды і Шчучына, якія належаць да Піярскага душпастырства настаўнікаў.
Сустрэча пачалася Імшой у парафіяльнай святыні. У гаміліі, якую прамовіў да педагогаў а. Вітольд Пяцельчыц SP, святар між іншым сказаў: “Вы, каталіцкія педагогі з піярскага душпастырства, з’яўляецеся свецкімі супрацоўнікамі піяраў у беларускай школе, каб рэалізоўваць каласансаўскую харызму. Праз сваё хрысціянскае жыццё, вернасць хрысціянскім каштоўнасцям, дзякуючы свайму пакліканню педагога, даеце веды і выхоўваеце маладое пакаленне, кіруючыся любоўю і цярплівасцю па прыкладзе св. Юзафа Каласанса”.
Пасля малітвы сустрэча працягнулася ў катэхетычнай частцы манаскага дома піяраў. Разам са сваімі душпастырамі пробашчам са Шчучына а. Вітольдам Пяцельчыцам SP і пробашчам з Ліды а. Андрэем Агелем SP педагогі ўздымалі розныя тэмы адносна развіцця Піярскага душпастырства настаўнікаў і планавалі наступныя супольныя сустрэчы, а таксама фармацыйна-рэкрэацыйны выезд.
Да гэтай сустрэчы педагогі добра падрыхтаваліся і ў кулінарным плане. Усе стравы былі прыгатаваны імі з душой.
У сустрэчы на заканчэнне чарговага фармацыйнага года педагогаў прыняло ўдзел 19 чалавек са Шчучына і 26 з Ліды (Індустрыяльны).
Тэкст і фота: а. Аляксандр Махнач SP