Skip to main content

Радасць і забавы падарылі ўдзельнікам арганізатары VIII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці

zabawy ave ddd 449Аснова кожнага свята – добра падрыхтаваная праграма, тым больш калі гэта свята дзяцей. Таму арганізатары VIII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 2 чэрвеня ў Гродне, падрыхтавалі для ўдзельнікаў шэраг забаўляльных мерапрыемстваў.

Вельмі добрае надвор’е паспрыяла таму, што дзеці маглі бесклапотна аддацца прыемнасцям.

Цырульніцкі салон, маляванне на тварах, творчая майстэрня, дзе дзеці маглі самастойна зрабіць паштоўкі і анёлкаў, батуты, надзіманыя горкі – толькі некаторыя з забаваў, якімі яны маглі скарыстацца.

zabawy ave ddd 588

На сцэне перад удзельнікамі свята выступіла шмат знаёмых постацяў. Артысты Гродзенскага лялечнага тэатра паказалі прадстаўленне “Прыгоды з вераб’ём Джэкам”. Штукар здолеў ператварыць голуба ў труса. А музычны гурт “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне радаваў больш за 2 тысячы чалавек песнямі і танцамі.

Танцам і забавам не было канца. Усе разам у гэты дзень імкнуліся даць дзецям тое, што з’яўляецца найважнейшым: радасць і весялосць, і, здаецца, гэта цалкам удалося. Дзеці, поўныя ўражанняў, крыху са смуткам, бо так хутка праляцеў гэты цудоўны дзень, пакідалі прыкасцёльную тэрыторыю гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

zabawy ave ddd 590

Aнастасія Мішкура

Фота: Вольга Сяліцкая