Skip to main content

Біскуп Кашкевіч дзецям: любіце Хрыста і ўсіх людзей

imsza ddd 9Найважнейшым пунктам праграмы VIII Дыяцэзільнага дня дзіцяці, які адбыўся 2 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, была ўрачыстая святая Імша. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

 Дзеці сабраліся ў святыні вакол Хрыстовага алтара, каб супольна ўзнесці малітвы да Бога.

Падчас Імшы дзеці дзякавалі за чарговы навучальны год, маліліся за сваіх бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў, катэхетаў. Малітвай агарнулі таксама ўсіх дзяцей, якія па розных прычынах сумныя і не могуць спазнаць сапраўдную радасць дзяцінства.

Для некаторых дзяцей гэтая літургія была падзякай за дар Першай святой Камуніі, якую яны прынялі сёлета.

З гаміліяй да ўдзельнікаў звярнуўся кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Узгадваючы пра дэвіз сёлетняй сустрэчы “Будзь дзіцём Бога”, святар адзначыў, што менавіта святы хрост распачынае падарожжа чалавека з Богам і робіць Божым дзіцём.

imsza ddd 26

Ксёндз Ян Раманоўскі пажадаў, каб кожнае дзіця старалася развіваць у сабе Божае жыццё і супрацоўнічаць з Божай ласкай.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да дзяцей на заканчэнне Імшы, звярнуў увагу, што толькі тыя, якія прымаюць Езуса, для якіх Ён нібы каштоўны скарб, становяцца дзіцём Бога.

“Божае дзіця павінна быць падобным да свайго Нябеснага Айца. Паколькі ў сакрамэнце хросту мы сталі Божымі дзецьмі, то павінны пастаянна набліжацца да дасканаласці, якая адлюстроўвае дасканаласць Нябеснага Айца”, – дадаў іерарх.

imsza ddd 163

Па словах біскупа, кожны чалавек павінен любіць Хрыста так, як Яго любіць Айцец, а таксама любіць усіх без выключэння людзей, нават тых, якія нас крыўдзяць.

Музычнае аздабленне Эўхарыстыі падрыхтавалі дзеці з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая