27 мая на адпустовую ўрачыстасць у парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах завітаў арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас. Візіт іерарха меў вельмі сімвалічнае значэнне. Ён нагадаў пра шматвяковыя гістарычныя і культурныя сувязі, якія злучалі землі, што зараз належаць да Гродзенскай дыяцэзіі, з Віленскай архідыяцэзіяй. Гэтая сувязь асабліва прыкметная ў Гервятах, дзякуючы вялікай групе вернікаў літоўскай нацыянальнасці, якая пражывае на тэрыторыі парафіі.
Святыню, якую з-за яе прыгажосці называюць "беларускім Нотр-Дамам", наведала ў гэты дзень шмат вернікаў з краіны і з-за мяжы.
На пачатку св. Імшы да сабраных з прывітальным словам звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх узгадаў кс. Леаніда Несцюка, былога пробашча парафіі, дзякуючы старанням якога касцёл набыў славу па-за дыяцэзіяй і пачаў прыцягваць шматлікіх турыстаў. Дарэчы, у гэты дзень арцыбіскуп Гінтарас асвяціў помнік памяці спачылага кс. Леаніда.
У гаміліі іерарх наблізіў сабраным сутнасць урачыстасці Святой Тройцы. "Менавіта вера ў Адзінага Бога ў Трох Асобах вылучае нас сярод іншых рэлігій", - адзначыў арцыбіскуп.
Адпустовая Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Анатоль Маркоўскі падзякаваў прыбылым біскупам і сабраным вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці. Парафіяльны фэст меў працяг у святочных мерапрыемствах, арганізаваных на прылягаючай да касцёла тэрыторыі.
Кс. Юрый Марціновіч