Skip to main content

Падарожжа па краінах Прыбалтыкі і Скандынавіі здзейснілі парафіяне з Іўя

iue padarozzaЧалавеку хочацца ведаць больш, чым ён ведае. Ён імкнецца ўзбагаціць свой кругагляд, атрымаць уражанні, даведацца, як жывуць людзі ў іншых краінах, атрымаць веды пра жыццё святых.

Вернікі касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі сталі ўдзельнікамі падарожжа па краінах Прыбалтыкі і Скандынавіі, ініцыятарам якога быў ксёндз Ян Гавецкі.

Ксёндз Ян зацікавіў парафіян жыццёвым шляхам святой Брыгіты Шведскай, якая была кананізавана ў 1391 годзе. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ аб’явіў святую Брыгіту апякункай Еўропы. Святая была прарочыцай, візіянеркай, манахіняй, заснавальніцай ордэна,  якая шмат зрабіла для свету і духоўнага асветніцтва. Такая асоба не магла не зацікавіць іўеўскіх вернікаў, і яны адправіліся на радзіму святой Брыгіты Шведскай і не толькі...

Першым прыпынкам быў горад Рыга. Яна ветліва сустрэла падарожнікаў промнямі ранішняга сонца. Знаёмства з горадам пачалося з наведвання касцёла Маці Божай Балеснай, дзе іўеўскія парафіяне прынялі ўдзел у святой Імшы. Затым адбылася экскурсія па старой Рызе і знаёмства з сучаснай архітэктурай.

З Рыгі на круізным караблі “Рамантыка” падарожнікі адправіліся ў краіны Скандынавіі, пераплыўшы Балтыйскае мора. 

Надвор’е ў Нарвегіі выдалася сонечным, надзвычай цёплым. Іўеўскія вернікі змаглі ўбачыць славутасці сталіцы Нарвегіі Осла, паўдзельнічаць у Імшы ў незвычайным для іх касцёле, пабудаваным у сучасным стылі.

Падымаючыся ў горы, яны палюбаваліся прыгажосцю веснавой прыроды, а праз некаторы час завіталі ў госці да зімы, змаглі пагуляць у снежкі.  Затым на караблі плылі па Нарвежскіх фіёрдах.

Фіёрды – гэта звілістыя марскія залівы, абступленыя велічнымі гарамі. Пра фіёрды цяжка расказаць, іх трэба ўбачыць. Хацелася яшчэ і яшчэ любавацца гэтай незвычайнай прыгажосцю, але час ляцеў хутка, і падарожнікі, пакінуўшы Нарвегію, адправіліся ў Швецыю.

Стакгольм сустрэў нават не вясновым, а летнім надвор’ем.  Гід іўеўскіх падарожнікаў Андрэй, чалавек шырокай эрудыцыі,  пазнаёміў іх з гісторыяй і архітэктурай Стакгольма, павадзіў па вуліцах, расказваючы гісторыі і легенды. Яны ўбачылі, як жывуць шведы, пабывалі ў школе, дзіцячым садку і адчулі атмасферу іх жыцця. Прыемнай нечаканасцю было наведванне каралеўскага палаца Карла XVI Густава, дзе турыстам дазволена гуляць па лесвіцах і пакоях і нават пасядзець на троне караля. Сам кароль працуе ў гэтым жа  палацы. Гуляючы па алеі, дзе цвіце сакура, адчувалі дакрананне пялёсткаў гэтага прыгожага, незвычайнага,  адцвітаючага дрэва. У каплічцы Божай Міласэрнасці падарожнікаў сустрэлі як сваіх, родных, тут яны нібы адчулі еднасць вернікаў усяго свету.

Зноў жа на караблі “Рамантыка” іўеўскія парафіяне наблізіліся да Радзімы. Вільнюс стаў завяршальным горадам у іх падарожжы. Ім было за што дзякаваць Маці Божай Вастрабрамскай, ля абраза якой была праведзена Імша.

Удзельнікі падарожжа