24 мая ў рамках кананічнай візітацыі Ваўкавыскага дэканату дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі завітаў у капліцу Св. Антонія Падуанскага ў Карэвічах. У гэтым месцы будчы іерарх распачаў свой святарскі шлях. Ён наведваў карэвічанаў, калі служыў вікарыем у парафіі ў Ваўкавыску.
Мясцовыя вернікі разам з біскупам Юзафам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі і ўзнавілі ў памяці незвычайную гісторыю святыні. Пабудаваная ў міжваенны перыяд і неўзабаве зруйнаваная савецікмі ўладамі, яна была нечакана адноўлена немцамі, якія акупавалі беларускія землі падчас Другой сусветнай вайны. Сярод тутэйшых жыхароў таксама ходзіць гаворка, што ў капліцы дагэтуль захаваўся абраз, намаляваны нямецкім салдатам спецыяльна для святыні.
Ператвораная ў спартыўны зал у часы чарговага ўсталявання панавання саветаў, капліца паступова аднаўлялася пасля адыходу ваяўнічага савецкага атэізму.
На заканчэнне візіту біскуп Юзаф удзяліў прысутным пастырскае балагаслаўленне і памаліўся ў інтэнцыі памерлых святароў парафіі.
Кананічная візітацыя з’яўляецца адной з найбольш важных падзей для кожнай парафіяльнай супольнасці. Яна дае магчымасць біскупу азнаёміцца з тым, як вядзецца душпастырства. У сваю чаргу вернікі і святары могуць падзяліцца з іерархам праблемамі, з якімі сутыкаюцца ў сваіх супольнасцях, і задаць яму хвалюючыя пытанні.
АМ