23 мая адбылася кананічная візітацыя парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат). У гэты дзень парафію наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Наведванне парафіі іерарх пачаў з сустрэчы з вернікамі ў капліцы Божай Міласэрнасці ў вёсцы Кукалкi. Там біскуп і парафіяне памаліліся, а потым ушанавалі рэліквіі св. сястры Фаўстыны Кавальскай.
Вернікі ў размове з іерархам адзначылі, што ў гэтай вёсцы супольнасць парафіян невялікая, але вельмі руплівая і сустракаецца разам асабліва ў гэтым месяцы, каб узносіць малітвы да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці.
Затым адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле. Гродзенскі ардынарый падкрэсліў падчас яе важнасць малітвы ў жыцці кожнага хрысціяніна і неабходнасць будавання жывога Касцёла, які ўтварае кожны вернік. Біскуп заклікаў усе пакаленні вернікаў да малітвы за І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які праходзіць зараз, і за Касцёл, а таксама аб новых пакліканнях да служэння ў ім.
Іерарх выказаў удзячнасць пробашчу кс. Мар’яну Хаменю CSMA за адданае служэнне святароў з Кангрэгацыі св. Арханёла Міхала (міхаліты) і сёстрам законным з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якія служаць у парафіі.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп сустрэўся з малітоўнымі групамі, якія існуюць пры парафіі, якія распавялі яму пра сваю дзейнасць.
Потым біскуп наведаў філіяльны касцёл св. сястры Фаўстыны ў Субачах, дзе адбылося маёвае набажэнства.
Таксама вернікі шылавіцкай парафіі выказалі біскупу Кашкевічу віншаванні з нагоды 27-годдзя біскупскага пасвячэння, якое ён адзначае у гэты дзень.
Kс. Юрый Марціновіч