19 мая адбылася кананічная візітацыя парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску. У гэты дзень парафію наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Вітаючы іерарха, пробашч кс. прэлат Антоні Філіпчык адзначыў, што прыбыццё біскупа ў парафію нагадвае часы першаснага Касцёла, калі св. апостал Павел наведваў першыя хрысціянскія супольнасці, вандруючы да іх са словам павучэння, умацавання і нагадвання.
“Наша жыццё веры рэалізуецца найперш у нашай душы, якую ведае толькі Бог і мы. Ёсць, аднак, хвіліны, калі тое, што здзяйсняецца ў нашай душы і сэрцы, патрабуе публічнага сведчання”, – сказаў пробашч, дадаючы, што такім часам сведчання з’яўляецца пастырская візітацыя.
Цэнтральнай падзеяй кананічнай візітацыі была святая Імша, падчас якой біскуп удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
Звяртаючыся да сабраных у святыні, гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што найвялікшы скарб чалавека – вера, якая з’яўляецца дарам Бога і які трэба нястомна памнажаць праз свае штодзённыя словы, учынкі і ўдзел у сакрамэнтальным жыцці Касцёла. Іерарх звярнуў увагу, што належыць дбаць аб будаванні інтымных адносін з Богам, якія спрыяюць таму, што чалавек становіцца гатовым прысвяціць Пану ўсё.
Пасля Імшы біскуп благаславіў адноўленыя помнікі святароў, якія пахаваны каля святыні і на могілках, дзе разам з вернікамі памаліўся за ўсіх памерлых парафіян.
Потым іерарх здзейсніў візіт у парафіяльную капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Божай Міласэрнасці ў Войткавічах, дзе сустрэўся з вернікамі і ўзначаліў маёвае набажэнства. Біскуп між іншым падзякаваў вернікам за прыклад пабожнасці і руплівасці, які яны даюць маладому пакаленню. На заканчэнне сустрэчы гродзенскі ардынарый удзяліў парафіянам пастырскае благаслаўленне і даў памятныя абразкі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Паканечны