8 мая ў касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вярэйках (дэканат Ваўкавыск) дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі ўдзяліў мясцовым вернікам сакрамант канфірмацыі. Урачыстасць адбылася ў дзень парафіяльнага адпусту, у дзень літургічнага ўспаміну св. Станіслава біскупа, абраз якога ўпрыгожвае бакавы алтар святыні.
Перад пачаткам св. Імшы іерарх асвяціў у святыні новыя галоўны алтар і табернакль. Па словах пробашча кс. Валерыя Лісоўскага, яны былі ўстаноўлены згодна архіўным даным на ўзор першапачатковых, якія стаялі ў касцёле.
Разам з біскупам Эўхарыстыю канцэлябравалі пробашч і дзекан Ваўкавыскага дэканата кс. Алег Дуль. У гаміліі біскуп Юзаф звярнуўся да моладзі, якая хутка пакіне родныя дамы і выедзе на вучобу. “Сёння Вы ўзмацняецеся дарамі Святога Духа, – падкрэсліў іерарх. – Адначасова з тым, Вы бярэце на сябе адказнаць сведчыць аб сваёй веры. І не толькі сведчыць, але і бараніць яе! Вы павінны быць вучнямі Езуса па прыкладзе Апосталаў, якія былі гатовы аддаць сваё жыццё за веру”.
Біскуп заўважыў, што ў сённяшнія часы гэта няпроста, таму варта быць смелым і адважным. Такім, па яго меркаванню, павінен быць сапраўдны сучасны хрысціянін ХХІ стагоддзя. “Дзе знайсці сілы для гэтага? У Езусе! Калі пакладзецеся на Яго, усё будзе як трэба…”, – зазначыў іерарх.
Пасля св. Імшы біскуп сустрэўся з членамі малітоўных рухаў і груп. Падзякаваў кожнаму за актыўнасць у жыцці Касцёла і пажадаў надалей развіваць рэлігійнае жыццё ў парафіяльнай супольнасці.
Ангеліна Пакачайла