У чарговы раз у першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэціі моляцца за маці – тых, хто перадае жыццё і веру наступным пакаленням.
Галоўныя святкаванні Дня маці па традыцыі адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Тут маліліся ў інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі, для жывых аб Божым благаслаўленні, а для памерлых аб вечным жыцці ў небе.
Вучыцца ў Марыі служэнню і любові
На Узгорак надзеі ў Капцёўку прыбылі ў пешай пілігрымцы маці з Гродна. Ім спадарожнічалі дзеці і мужы. Пілігрымавалі разам з імі і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб таксама сваімі малітвамі падтрымаць маці. Усе супольна маліліся аб святасці маці і аб сіле, якая паходзіць ад Бога, для кожнай каталіцкай сям’і.
Пілігрымаў, якія прыбылі пешшу або прыехалі на аўто, з радасцю вітаў добрым словам кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі. Святар заклікаў даверыць Панне Марыі ў гэты дзень усе свае радасці і смуткі, бо Яна здольная надаць усяму сэнс жыцця. Мясцовыя вернікі традыцыйна падрыхтавалі для стомленых пілігрымаў пасілак.
Прысутныя ў святыні выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар казаў пра Найсвяцейшую Панну Марыю як узор для наследавання.
“Мы тут, каб навучыцца ў Марыі служэнню і любові, бо да гэтага мы пакліканы”, – адзначыў кс. Сарэла, падкрэсліўшы, што пакліканне чалавека – несці дапамогу іншым.
Па словах святара, кожная маці павінна стаць своеасаблівым місіянерам для сваёй сям’і, разам з жыццём перадаючы сваім самым блізкім праўду Евангелля.
Сустрэць у маці Бога
Сабраныя прынялі ўдзел таксама ў Крыжовым шляху вакол святыні. Кульмінацыяй была ўрачыстая святая Імша ў інтэнцыі ўсіх маці Гродзенскай дыяцэзіі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх разважаў над роляй маці ў жыцці кожнага чалавека. Па словах біскупа, усім найкаштоўнейшым у нашай асобе мы абавязаны сваёй маці.
“Маці з самага пачатку вядзе сваё дзіця да Бога. Дзіця найперш у маці сустракае Бога. Па яе падабенству яно стварае Яго вобраз. Дзіця разумее маці і давярае ёй. Яно адчувае тое, што адчувае яна, бо маці найчасцей прамаўляе сэрцам”, – сказаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што задача кожнай маці – захоўванне найбольшых каштоўнасцяў: традыцыі, культуры і рэлігіі. “Маці пабожная і клапатлівая, яна ўсё сэрца ўкладвае ў дом і сям’ю. Яна – сумленне мужчыны, яна выхаваўца дзяцей, яна стаіць на варце веры, маральнасці і хатняга агню”, – дадаў іерарх.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі адзначыў, што, калі мы хочам, каб сучасны свет быў лепшым, то для гэтага патрэбны маці, якія шмат моляцца, якія стануць у першых шэрагах абаронцаў веры і чысціні звычаяў.
Іерарх падзякаваў прысутным маці за іх штодзённую працу, самапрысвячэнне, усмешку, любоў і мацярынскае сэрца і выказаў найлепшыя пажаданні на ўсе дні іх жыцця.
Маці, напоўненыя ў малітве Божай энергіяй і ўмацаваныя ў веры, пакідалі санктуарый, поўныя надзеі на лепшае заўтра. Яны даверылі свае сем’і, радасці і смуткі найлепшай Маці, якая абдымае сэрцам кожнага.
Жанчыны вярталіся дадому, каб быць сапраўдным прыкладам хрысціянскага жыцця і дабрыні, руплівымі місіянерамі ў сваіх сем’ях, сваім прыкладам паказваць шлях да сапраўднага шчасця.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Амасёнак, семінарыст