5 мая ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбылася сустрэча валанцёраў ІІІ Усебеларускіх дзён каталіцкай моладзі.
На супольнай Эўхарыстыі, якая заўсёды з’яўляецца падзякай Пану Богу, сабраліся найперш маладыя людзі, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і добрым праходжанні сустрэчы моладзі нашай краіны.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх валанцёраў, якія бескарысліва далучыліся да арганізацыі моладзевага форуму, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх назваў валанцёраў “апосталамі сучаснага свету”, якія пажадалі падзяліцца сваім часам і талентамі з іншымі. Біскуп адзначыў, што гэтая дапамога – своеасаблівы род нясення і дзялення Евангеллем, у якім мае патрэбу сённяшні свет. Па словах іерарха, быць валанцёрам – гэта таксама даваць сапраўднае сведчанне, якое патрэбна маладым людзям.
Біскуп заклікаў валанцёраў не стамляцца ў гэтым прыгожым служэнні, якое з’яўляецца дарам іншаму чалавеку. “Ніколі не спыняйцеся, а шукайце тых, якія будуць у чыненні дабра вас наследаваць”, – дадаў іерарх.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі выказаў удзячнасць усім валанцёрам за іх дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы свята маладых нашай краіны. Таксама іерарх падзякаваў кс. каноніку Антонію Грэмзу, душпастыру моладзі дыяцэзіі і арганізатару Усебеларускай сустрэчы моладзі.
Словы ўдзячнасці біскуп скіраваў і айцам рэдэмптарыстам, якія гасцінна прынялі на тэрыторыі сваёй парафіі моладзь з усёй краіны. Падзяка прагучала таксама ў адрас вернікаў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля за тое, што яны падзяліліся скарынкай хлеба і адчынілі дзверы сваіх дамоў моладзі.
Біскуп Юзаф Станеўскі асаблівым чынам падзякаваў ад імя Касцёла ўсім валанцёрам за іх “адвагу ў чыненні дабра” і за добрае жаданне “несці іншым радасць, дапамогу і добрае слова”.
Сустрэча завяршылася смажаннем каўбасак ля вогнішча і хрысціянскімі забавамі, падчас якіх валанцёры ўспаміналі перажытыя дні і радасныя моманты ўсебеларускага моладзевага форуму.
Kс. Юрый Марціновіч