Глыбокапаважаныя Браты ў Святарстве, кансэкраваныя Асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану Сёстры і Браты!
Сёлетні “Дзень Святасці Жыцця”, які звычайна адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, папярэджаны Нядзеляй Божай Міласэрнасці. Мы запрошаныя разам з апосталам Тамашам, каб дакрануцца да ўваскрослага Цела Езуса Хрыста. Сёння разам з Тамашам стаім у вячэрніку, бо, магчыма, нас таксама турбуюць падобныя думкі і сумненні: “А што, калі гэта няпраўда, што Ён уваскрос?”, “А што, калі апавяданні пра жывога Езуса з’яўляюцца толькі звычайным суцяшэннем?”. Усяго гэтага мы баімся, таму ўваходзім у вячэрнік, маючы надзею, што ў ім адбудзецца нешта важнае, нешта, што назаўсёды пераменіць нашае жыццё.
Заахвочаныя тэкстам Евангелля паводле св. Яна, займаем месца сярод Апосталаў, спадзеючыся, што Езус не пакіне нас з нашымі сумнівамі. Менавіта таму Езус прыходзіць, бо нас не было сярод тых, хто бачыў пустую магілу, не было нас сярод тых, хто бачыў Яго жывога. Толькі гэтая сустрэча, нягледзячы на замкнёныя дзверы, дазваляе нам паверыць і паўтарыць за Тамашам: “Пан мой і Бог мой”. Без боязі можам даверыцца Божай Міласэрнасці, шэптам паўтараючы словы: “Езу, давяраю Табе”.
Нядзеля Божай Міласэрнасці, якая сёння адзначаецца ва ўсім Касцёле, была ўстаноўлена св. Янам Паўлам ІІ у 2000 годзе. Гэтага хацеў Пан Езус, калі аб’яўляўся св. сястры Фаустыне ў Плоцку ў 1931 годзе (пар. Т. 49). Уваскрослы Езус скажа св. Фаустыне: “Няхай слабая душа не баіцца наблізіцца да Мяне, грэшная – кажа Бог – нават калі б мела болей грахоў, чым пяску на зямлі, усё гэта патоне ў адхлані Маёй міласэрнасці” (пар. Т. 1059). Фундаментальнай умовай адкрыцця на Бога з’яўляецца давер. “Чым больш душа даверыцца, тым больш атрымае”. Адсюль нараджаецца міласэрнасць адносна бліжніх праз учынак, слова і малітву (пар. Т. 742)
Абраз Езуса Міласэрнага – гэта знак для нас. На ім уваскрослы Езус становіцца перад намі, як перад Тамашам у Вячэрніку, адкрывае свой бок і кажа: "Нельга пайсці на смерць за кагосьці, каго не любім. Дакраніся маіх ранаў – гэта плата за тваё збаўленне! І не будзь няверуючым, але веруючым!"
Гэтае пасланне Божай Міласэрнасці асаблівым чынам скіраванае да чалавека, абцяжаранага балесным вопытам граху. А сёння, калі нашы думкі скіраваны на заўтрашні “Дзень Святасці Жыцця”, канцэнтруем нашую ўвагу асабліва на грахах, разуметых як адкідванне каштоўнасці жыцця ад яго пачатку ажно да натуральнай смерці. Св. Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangeliumvitae піша так: Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі як асобы, але таксама як супольнасць, чынячы з абавязковай павагі да чалавечага жыцця падмурак для новага грамадства (Р. ІІІ,77).
Таму ўжо 23 раз ва ўсім свеце Каталіцкі Касцёл ва Ўрачыстасць Звеставання Пана адзначае “Дзень Святасці Жыцця” і такім чынам нагадвае пра наш абавязак узнімаць ініцыятывы і клопат пра фундамент грамадства, якім з’яўляецца пашана да чалавечага жыцця.
Канешне, Касцёл у сваім навучанні ўказвае на шматлікія формы клопату аб жыцці чалавека. Маюцца на ўвазе як словы, так і дзеянні. Кожны з нас заахвочваецца да таго, каб радыкальна і адважна абвяшчаць праўду пра святасць жыцця як падчас Літургіі, таксама падчас катэхезы і ў асабістым дыялогу. Вельмі важна, каб у служэнне па аброне жыцця ўключыць таксама сродкі масавай камунікацыі, дзякуючы якім, зместы, што паказваюць вартасць чалавечага жыцця, будуць дасягаць як мага большай колькасці адрасатаў. Нельга забываць і пра тое, каб у малітве, як асабістай, так і супольнай, дзякаваць Богу за дар жыцця і прасіць аб сіле да яго захавання ўсімі грамадствамі.
Касцёл заахвочвае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі таксама да іншых формаў дзейснай паставы адносна жыцця. Асаблівую ўвагу звяртае на адказнае бацькоўства. Рэалізацыяй гэтай адказнасці з’яўляецца прыстасаванне і распаўсюджванне натуральных метадаў зачацця. Такім чынам сужонкі вучацца адказнасці за кожны акт, які скіраваны на нараджэнне патомства.
Іншай формай клопату пра жыццё з’яўляецца выхаванне дзяцей і моладзі. Тут маецца на ўвазе як бацькоўскае выхаванне ў хаце, так і выхаваўчыя праграмы ў школах і іншых асяродках публічнай адукацыі. Асаблівай увагі заслугоўвае выхаванне моладзі да пашаны чалавечага цела. Палітыка цяперашніх дзяржаў накіравана на спажывецтва і матэрыялізм. Прапагандаваная ідэалогія джэндэр, сексуальная адукацыя ў школах, разуметая як інструментальная падрыхтоўка да палавых актаў, распаўсюджванне антыканцэптыўных і раннеабартыўных сродкаў альбо, урэшце, прапаганда абортаў, як сродкаў да свабоды жанчыны, сталіся рэальнай небяспекай тут і цяпер. Усё гэта адбываецца вакол нас. Гэтая нездаровая прапаганда закранула таксама нашых дзяцей і нашую моладзь. Таму вельмі важна, каб выхаванне моладзі ў бацькоўскім доме, у школе, падчас катэхетычных заняткаў было скіравана на чыстасць, службу любові, бо яны з’яўляюцца падмуркам, на якім будуюцца трывалае сужэнства і сям’я.
Разважаючы над ініцыятывамі Каталіцкага Касцёла ў службе абароны годнасці чалавечага жыцця, нельга не звярнуць увагу намаганняў розных прасямейных супольнасцяў і груп, што існуюць у нашай краіне. Іхняя малітва, дзейнасць па арганізацыі сімпозіумаў, канферэнцый, арганізаваных формаў навучання, пілігрымак, публікацый, уносяць велізарны ўклад у прапагаванне каштоўнасцяў чалавечага жыцця.
Ёсць яшчэ адна ініцыятыва, якой сёння прысвячаем асаблівую ўвагу: “Духоўнае ўсынаўленне”. Дзякуючы сістэматычнай малітве, шмат маці, якія маюць сумнівы адносна сэнсоўнасці нараджэння зачатага дзіцяці, прынялі рашэнне нарадзіць яго. Гэтая акцыя становіцца вельмі дзейсным спосабам дапамогі жыццю зачатых дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы. Штогод ва ўрачыстасць Звеставання Пана, а сёлета таксама і сёння, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, распачынаем публічнае прыняцце абавязку гэтай формы змагання за годнасць і святасць чалавечага жыцця. Кожны раз яна трывае на працягу дзевяці месяцаў. Чым жа на самой справе з’яўляецца “Духоўнае ўсынаўленне?”. З’яўляецца абяцаннем, дадзеным Богу, зместам якога ёсць малітоўнае абавязацельства, прынятае канкрэтнай асобай у інтэнцыі ратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека ва ўлонні маці, імя якога вядомае толькі Богу. Істотай “Духоўнага ўсынаўлення” з’ўляецца штодзённая малітва ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, таксама адна з таямніцаў святога Ружанца, а таксама дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі, такія як: Св. Камунія, пост, актыўная падтрымка спраў дабрачыннасці.
Сёння, напярэдадні “Дня Святасці Жыцця”, заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і кансэкраваных асоб. Ваша пастава і прыклад з’яўляюцца ўказальнікам для вернікаў, якія шукаюць аўтарытэты на дарозе веры. Заахвочваем усіх веруючых і людзей добрай волі да велікадушнага прыняцця “Духоўнага ўсынаўлення”, як формы малітвы за жыццё дзіцяці, якое знаходзіцца ў небяспецы пад сэрцам маці. Трэба з усёй моцай чарговы раз паўтарыць, што”чалавечае жыццё, ад зачацця да яго натуральнага заканчэння, мае годнасць, якая чыніць яго непарушным”, – сказаў Святы Айцец Францішак 26 студзеня 2018 года да ўдзельнікаў пленарнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння. Папа такім чынам нагадаў пра фундаментальнае заданне Касцёла. Няхай гэты дзень будзе таксама нагодай, каб, узгадваючы таямніцу Ўцелаўлення Сына Божага, падзякаваць Пану Богу за дар уласнага жыцця, узнагароджваць за ўсе ўчынкі, скіраваныя супраць жыцця, а таксама прасіць аб пашане чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
На справу малітвы і рэлігійных практык, прынятых у абароне пашаны чалавечага жыцця, ад сэрца ўсім Вам благаслаўляем.
Мінск, 25.02.2018 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах Сям’і
пры ККББ
Гэтае пасланне трэба прачытаць у Нядзелю Божай Міласэрнасці (08.04.2018 г.) падчас кожнай св. Імшы з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.
Польская версія паслання па спасылцы.