Skip to main content

Біскуп Кашкевіч: "Для таго, каб асвяціцца"

10 сакавіка адбыўся чарговы дзень засяроджвання святароў нашай дыяцэзіі. Распачаўся ён а дзясятай гадзіне гімнам да Святога Духа і супольнай малітвай з Літургіі гадзінаў. Пасля супольнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасці прыступіць да споведзі была адпраўлена с. Імша пад кіраўніцтвам кс. бпа Аляксандра Кашкевіча.
На пачатку Эўхарыстыі пастыр дыяцэзіі прыгадаў прысутным святарам, што Вялікі пост і супольны дзень засяроджвання святароў служаць таму, каб слуга алтара, якім з’яўляецца святар, увесь час імкнуўся да святасці. Падчас св. Імшы з гаміліяй звярнуўся да прысутных кс. Люцыян Дамброўскі SDB, які падкрэсліў ролю святара. Між іншым, ён адзначыў тое, што святар павінен быць святы і дасканалы, хоць гэтая святасць у кожным мяняецца: “Калі мы ўсё бліжэй да Бога – гэта добра. Трэба глядзець на Хрыста, які нас вядзе”. Казнадзей прыгадаў таксама, што да святасці пакліканы ўсе, але асаблівым чынам – святары, якія павінны весці да Бога іншых.
Пасля св. Імшы адбылася канферэнцыя “Што з’яўляецца найважнейшым у жыцці і паслузе святара”, якую правёў кс. Фелікс Папялевіч CRL. Канферэнцыя была падзелена на тры часткі: што ў жыцці святара з’яўляецца найважнейшым; якія наступствы страты святаром Божага жыцця; што трэба рабіць, каб гэтага Божага жыцця не страціць. Падчас канферэнцыі ўвесь час падкрэслівалася, што найважнейшы адказ у жыцці святара гучыць так: “У маім сэрцы жыве Бог”. Кс. Фелікс падкрэсліў, што “святар, які штодзень жыве з Богам – моцны… Мы забываем часам, што пост – не толькі для парафіянаў, але і для нас, святароў. Гэта перш-наперш святар павінен схіліцца перад Хрыстовым крыжом. Трэба імкнуцца да таго, каб у парафіяльнай сям’і жыў Хрыстос”.
Дзень засяроджвання скончыўся супольным абедам. Святары выслухалі таксама найбольш важную інфармацыю і камюніке курыі. Пасля сустрэчы ўсе раз’ехаліся па сваіх парафіях, каб, згодна са словамі пастыра дыцэзіі, “разам са сваім людам асвячацца ўзаемна”.