Святая Імша Пасхальнай вігіліі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, пачалася на вуліцы абрадам святла, дзе быў асвечаны агонь і ад яго быў запалены пасхал.
Пасля радаснага спеву “Exultet!” (“Радуйцеся!”), які абвясціў аб вызваленні чалавецтва з рабства граху і смерці, пачалася другая частка – літургія слова. У Пасхальную ноч літургія слова асабліва багатая, чытанні са Старога і Новага Запавету ўзгадваюць гісторыю збаўлення чалавецтва, пачынаючы ад стварэння свету і да збаўчай смерці і ўваскрасення Езуса. Гамілію да вернікаў прамовіў пробашч парафіі кс. кан. Уладзімір Гуляй.
Падчас літургіі хросту адбылося благаслаўленне хрысцільнай вады і аднаўленне абяцанняў хросту. Прысутныя вернікі ўзгадалі ў гэты час свой уласны хрост, яшчэ раз выракліся зла і вызналі веру ў Бога.
Пасля Эўхарыстычнай літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана, дзе распачалося малітоўнае чуванне, якое працягвалася да ранішняй святой Імшы.
Кс. Дзяніс Бразінскі