Skip to main content

Вялікапосныя рэкалекцыі для дзяўчат адбыліся ў Адамавічах

adamaviczy vp 16"48 гадзін з Езусам Укрыжаваным" –  тэма сёлетніх вялікапосных рэкалекцый для дзяўчат, якія зладзілі сёстры кармэлітанкі ў Адамавічах з 8 па 10 сакавіка. Духоўныя практыкаванні ўзначаліў а. Аляксандр Фядотаў SCJ, вікарый гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).

Першая канферэнцыя была прысвечана знаходжанню Езуса ў пустыні, дзе Яго спакушаў д'ябал (Лк 4, 1-13). А. Аляксандр закрануў таксама тэму вызвалення абранага народу з Егіпта (Зых 16, 1-15). Святар падкрэсліў, што “Егіпет – гэта сімвал паміраючай надзеі”. Сапраўды, кожны з нас мае свой Егіпет, які нас трымае, але з якога неабходна знайсці выхад, каб адкрыць для сябе зямлю абяцаную.

Чарговая канферэнцыя закранула тэму крызісу веры. Айцец адзначыў, што “духоўнае жыццё – гэта барацьба”. А вера нам патрэбна для таго, каб вытрымаць ў гэтай барацьбе і яшчэ больш з’яднацца з Госпадам. Вялікі Пост – асаблівы час для змагання, час пазбаўлення ад жаданняў, прагненняў, мараў, усіх рэчаў, якія паслабляюць нашу веру.

Містык Кармэлю, св. Ян ад Крыжа сказаў: “няма розніцы, ці птушка будзе прывязана тоўстай вяроўкай, ці тонкай: пакуль не адарве адной ці другой – не зможа ўзляцець”. Так і ў нашым жыцці - кожнае жаданне прывязвае нас і не дае нам з’яднацца з Панам. Ён хоча, каб мы адкінулі рэчы, якія не могуць нас напоўніць і адцягваюць ад радасці, якую Хрыстос прагне нам даць.

А. Аляксандр таксама распавёў пра тое, што праблемай бязвер’я можа быць як сам чалавек, так і людзі навокал яго. Адметнай рысай разважанняў святара былі прыклады з жыцця, якія ён прыводзіў у доказ кожнай сваёй думкі. 

adamaviczy vp 3

Атмасфера ўсіх трох дзён рэкалекцый была сапраўды напоўнена імкненнем з’яднацца з Езусам Укрыжаваным. Хоць кожная з удзельніц прыехала са сваімі праблемамі і смуткамі, праз штодзённыя духоўныя практыкаванні адчувалася заспакаяльная прысутнасць Хрыста. Важна памятаць, што Пан асабліва блізка да нас у нашых цярпеннях…

Як адзначылі сёстры, трэба цалкам даверыцца Пану, аддаць Яму ўсё тое, што непакоіць, мучае і раніць. Тое, з чым ужо не можаш нічога зрабіць – аддаць Пану, прамовіўшы: “Ты гэтым займіся”. І пасля падняць угору рукі, каб з чыстым сэрцам і душою прыняць усе тыя ласкі, якія выцякаюць на нас з прабітага Сэрца Езуса Укрыжаванага.

Вераніка Смыкоўская

Фота: с. Паўліна